viasna on patreon

З нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека ў Польшчы прайшлі пікеты супраць рэжыму Лукашэнкі

2005 2005-12-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 сьнежня ў Варшаве каля беларускай амбасады, а ў мінулыя выходныя ў цэнтры Познані прайшлі акцыі, прымеркаваныя да гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, паведаміла радыё Свабода.

Удзельнікі пікету каля беларускай амбасады ў Варшаве трымалі плякаты з надпісамі “Лукашэнка – прэзыдэнт ці злодзей?”, “Апошні дыктатар Эўропы ня мае гонару і сумленьня”, “Зьмены ў крымінальным кодэксе – турма за крытыку ўладаў”…

Прысутныя мелі таксама нетыповае для такіх акцыяў патрабаваньне – пакараць мясцовых чыноўнікаў у Полацку, якія, паводле пікетоўцаў, скралі грошы, прызначаныя на рамонт гарадзкога Палацу культуры так што гэты будынак знаходзіцца цяпер у аварыйным стане і пагражае жыцьцю людзей.

Арганізатар акцыі Ўладзімер Цыбульскі заявіў, што прысутныя выступаюць ад імя Рэвалюцыйнага грамадзянскага руху – арганізацыі, якая будзе дамагацца адстаўкі цяперашніх уладаў праз акцыі, сэнс якіх блізкі і зразумелы звычайным людзям: “Калі апазыцыя ня будзе глядзець на народ, дык ня выйграе. Я вырашыў стварыць нешта тут, каб дапамагаць свайму народу – я хачу жыць у Беларусі”.

Удзельнікі пікету спрабавалі перадаць свае патрабаваньні прадстаўнікам беларускай амбасады, але да іх ніхто ня выйшаў, дакументы папрасілі пакінуць у паштовай скрынцы.

Між тым у мінулыя выходныя польская арганізацыя Маладыя Дэмакраты разам з сябрамі Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру, наладзілі акцыю ў самым цэнтры Познані. Удзельнікі акцыі ў Познані нагадвалі палякам, што яны карыстаюцца з правоў, якіх ня маюць грамадзяне Беларусі. Праз гукаўзмацняльную апаратуру былі прачытаныя ўсе пункты Уусеагульнай дэклярацыі правоў чалавека – па-польску і па-беларуску. Удзельнікі акцыі трымалі партрэты зьніклых беларускіх палітыкаў і гармадзкіх дзеячаў, бела-чырвона-белыя сьцягі і транспаранты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства