viasna on patreon

Афіцыйны Менск абяляе сябе перад ААН

2010 2010-04-07T15:25:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Беларускі ўрад падаў у Раду правоў чалавека ААН Нацыянальную справаздачу аб сытуацыі з выкананьнем асноўных правоў і свабодаў грамадзян. Незалежныя праваабаронцы лічаць дакумэнт фальсыфікацыяй сапраўднага стану рэчаў у краіне.

Нацыянальная справаздача ў галіне правоў чалавека  пададзеная МЗС Беларусі ў рамках Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, уведзенага Радай ААН па правах чалавека ў 2006 годзе. Беларусь такі аб'ёмны дакумэнт прадставіла ўпершыню, ён будзе разглядацца на паседжаньні Рады ў траўні гэтага году.

Нацыянальная справаздача перш за ўсё зьвяртае ўвагу на сацыяльна-эканамічныя правы грамадзян — такія, як права на працу і адукацыю, але ўтрымлівае ў сабе і палажэньні наконт грамадзка-палітычных свабодаў і правоў чалавека. Апошняе пададзена ў выглядзе гладкіх фармулёвак пра тое, як у Беларусі ўсё добра. Справаздача паведамляе, што гарант правоў і свабодаў — прэзыдэнт, што належныя функцыі выконваюць судовая сыстэма, адмысловыя грамадзкія інстытуты, разьвітае заканадаўства ў галіне правоў чалавека.

Галоўны недахоп гэтага дакумэнту — нежаданьне ўладаў прызнаваць якія-колечы праблемы і недахопы ў галіне правоў чалавека, — перакананы старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак:

 

"Натуральна, што гэта не зьяўляецца канстатацыяй рэальнай сытуацыі. Там увогуле не адзначана ніякіх праблемных момантаў і што дзяржава плянуе зрабіць у сфэры правоў чалавека ў бліжэйшы час, акрамя таго, што там указана, што плянуецца стварэньне грамадзка-кансультатыўнай Рады па правах чалавека пры Адміністрацыі прэзыдэнта. А больш нічога. Гэта нядобры сыгнал".

Тым ня меней пра тыя праблемы, якія існуюць з правамі чалавека ў Беларусі, на травеньскім паседжаньні ў Жэнэве будзе добра вядома з альтэрнатыўнай справаздачы, якую падрыхтавалі няўрадавыя арганізацыі, у тым ліку БХК.

Некаторыя палажэньні Нацыянальнай справаздачы па правах чалавека ўвогуле непраўдзівыя, лічаць прадстаўнікі няўрадавых арганізацый. У прыватнасьці, Андрэй Бастунец з БАЖ ставіць пад сумнеў палажэньні дакумэнту пра тое, што новы беларускі закон аб СМІ нібыта пашырае магчымасьці для рэгістрацыі выданьняў і што дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ маюць роўныя эканамічныя магчымасьці:

"На гэта нават і адгукацца сьмешна, бо да сёньня палова незалежных СМІ ня маюць магчымасьці карыстацца дзяржаўнымі сыстэмамі распаўсюду. Апошнім часам зноў павялічыўся ціск на рэклямадаўцаў, каб яны не давалі рэклямы ў незалежныя СМІ…"

Павал Севярынец з незарэгістраванай партыі БХД фальшывымі лічыць палажэньні справаздачы пра свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі:

 

"Словы аб свабодзе асацыяцыяў — гэта нахабная хлусьня. Дыпляматы, журналісты, міжнародныя назіральнікі сталі сьведкамі таго, як не рэгіструюць Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, праваабарончы цэнтар "Вясна", Малады фронт... Многія, спадзеючыся на лібэралізацыю, падавалі дакумэнты, але прыкладаў, каб задаволілі свабоду асацыяцыяў, практычна няма. Адзінкавая рэгістрацыя руху "За свабоду" — гэта выключэньне, якое пацьвярджае правіла".

Павал Севярынец лічыць таксама непраўдзівымі заявы ў Нацыянальнай справаздачы наконт свабоды сумленьня і роўнасьці канфэсіяў. Найбольш яскравым прыкладам няроўнасьці ён называе ціск на менскую пратэстанцкую суполку "Новае жыцьцё".

Палітоляг Юры Чавусаў таксама заўважыў у афіцыйнай справаздачы шэраг непраўдзівых зьвестак, у прыватнасьці пра тое, што лік няўрадавых арганізацыяў за мінулы год вырас на 20 працэнтаў.

 

"Беларускія ўлады разьлічваюць, што сам факт таго, што яны прадставілі гэтую справаздачу ў Раду па правах чалавека, будзе ўспрыняты вельмі пазытыўна. Як успрымаюцца пазытыўна справаздачы такіх краінаў, як Эрытрэя, Паўночная Карэя, якіх хваляць толькі за тое, што яны пагадзіліся весьці размову аб правах чалавека на сваёй тэрыторыі".

Юры Чавусаў зьвярнуў увагу на тое, што беларускія ўлады мабілізавалі ў сваю падтрымку кантраляваныя імі грамадзкія аб'яднаньні. Гэтыя аб’яднаньні даслалі ў Раду ААН лісты са сьцьвярджэньнямі, што ў Беларусі ў галіне правоў чалавека ўсё добра.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства