На студэнтаў БДЭУ, якія на працягу мінулых двух тыдняў зьбіралі подпісы ва ўнівэрсытэце ў падтрымку Тацяны Хома, пачалі аказваць ціск з боку адміністрацыі
Пасьля выключэньня адной з лепшых студэнтак факультэта міжнародных эканамічных адносінаў Тацяны Хома, на працягу мінулых двух тыдняў студэжнты зьбіралі подпісы ва ўнівэрсытэце ў яе падтрымку. Калі подпісаў назьбіралася болей 500, студэнтаў пачалі выклікаць у дэканаты для правядзеньня тлумачальнай працы.
Сяброў Тацяны Хома, якія жывуць у інтэрнаце БДЭУ №3, наведаў чалавек, які назваўся Уладзімерам Мікалаевічам. Гэты ж самы чалавек сустракаўся і з Тацянаю ў дзень яе выключэньня 24 лістапада - яго цікавіла дзейнасьць ESIB, палітычная пазыцыя адносна Беларусі і іншае, паведаміў сайт www.studenty.by.
Ва ўнівэрсытэце студэнтаў па-асобку пачалі выклікаць у дэканаты, дзе тлумачаць правільнасьць загаду аб выключэньні Тацяны Хома і немэтазгоднасьць збору подпісаў супраць загаду. Прадстаўнікі дэканатаў падчас лекцыяў на сустрэчах са студэнтамі тлумачылі, што БДЭУ - унівэрсытэт дзяржаўны і мусіць трымацца дзяржаўнай палітыкі, і ў зьвязку з гэтым рэктар мусіў адлічыць Тацяну Хома.
Яшчэ 1 сьнежня Тацяна Хома падала скаргу ў Міністэрства адукацыі на дзеяньні рэкатара БДЭУ Шымава па ейным выключэньні.
Тацяна Хома стала першай студэнткай, якая выключаная з такой фармулёўкай - самавольны выезд за мяжу. Нагадаем, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі кожны грамадзянін мае права свабодна перамяшчацца ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесперашкодна вяртацца назад.