viasna on patreon

У Менску прайшоў нечарговы сход Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў, на якім была выказаная падтрымка кіраўніцтву арганізацыі на чале з Алесем Пашкевічам.

2005 2005-12-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла радыё Свабода, сход Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прайшоў незапланавана, пасьля таго як быў вычарпаны парадак дня сходу іншай арганізацыі – Літфонду, у якую ўваходзяць ўсе сябры СБП. 9 сьнежня каля 200 літаратараў вырашылі абмеркаваць сітуацыю, якая склалася пасьля стварэньня ў канцы лістапада праўладнага Саюза пісьменьнікаў на чале з Мікалаем Чаргінцом.

На сходзе прысутнічала каля 200 сяброў саюзу, яны адзінагалосна выключылі са свайго аб’яднаньня 12 літаратараў, якія самі вырашылі пакінуць арганізацыю і напісалі заявы. Алесь Пашкевіч пералічыў іх прозьвішчы: “Чаргінец, Марчук, Трахімёнак, Баравікова, Аўруцін, Сульянаў, Марціновіч Алесь, Карызна, Папова, Пазьнякоў, Сакалоўскі Рыгор і Палікаміна”.

Мікалай Чаргінец, дарэчы, у сваёй заяве абвінаваціў кіраўніцтва СБП у тым, што яно не прызнае ўлады Беларусі і дзяржаўную сімволіку. Іншыя асаблівых абвінавачваньняў не рабілі.

Сход СБП выказаў адзінадушную падтрымку свайму кіраўніцтву. У адмысловай адозьве сход канстатаваў “адзінства арганізацыі ў адстойваньні свабоды слова і дэмакратычных прынцыпаў дзяржаваўлакаваньня”, заявіў пра свой непакой “катастрафічным звужэньнем сфэры ўжываньня беларускай мовы, пратэст супраць чыноўніцкага наступу на незалежныя СМІ, супраць публічных паклёпаў і неабгрунтаванай крытыкі дзейнасьці СБП з боку нядаўніх яго сяброў, якія з прычынаў уласных амбіцый ці ў жаданьні дагадзіць уладзе, абвясьцілі пра стварэньне “правільнага” саюзу пісьменьнікаў”.

Лідэр арганізацыі Алесь Пашкевіч паведаміў, што аналягічныя сходы пройдуць і ў абласьцях.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства