Мінчане атрымалі справаздачу сьпецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі Андрыяна Севярына
10 сьнежня – Міжнародны дзень правоў чалавека. Пачатак яго быў закладзены ў 1948 годзе, калі Генэральная асамблея ААН прыняла Ўсеагульную дэкларацыю правоў чалавека і вызначыла гэты дзень як Міжнародны дзень правоў чалавека. Праваабаронцы па ўсім сьвеце разам з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі ладзяць разнастайныя акцыі -- маніфэстацыі, пікеты, канфэрэнцыі, прымаюць заявы і заклікі ў абарону людзей, чые правы парушаюцца.
У Мінску на прасьпекце Незалежнасьці каля будынку КДБ і Міністэрства ўнутраных справаў вядомыя беларускія праваабаронцы Гары Паганяйла, Алег Гулак, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Алег Жлудка раздавалі мінакам надрукаваную справаздачу спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Камітэту ў справе правоў чалавека ААН Адрыяна Севярына на беларускай мове. Нагадаем, што беларускія ўлады адмівілі спадару Севярыну ва ўездзе на Беларусь пад час падрыхтоўкі ім гэтай справаздачы. Адзін з асобнікаў справаздачы быў перададзены праз дзяжурнага супрацоўніка старшыні КДБ Сьцяпану Сухарэнка.
Усяго праваабаронцы раздалі каля 1400 асобнікаў гэтай брашуры, каб людзі змаглі азнаёміцца з праблемай правоў чалавека на Беларусі і яе аналізам еўрапейскімі структурамі.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў назіралі за акцыяй, але перашкодаў не чынілі. Ім таксама далі некалькі асобнікаў справаздачы сьпецдакладчыка.
У гэты ж дзень Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў выступіў з заявай, у якой Беларусь названая адной з краін, дзе перасьледуюцца змагары за правы чалавека. Раней на гэтым тыдні і група нобэлеўскіх ляўрэатаў зьвярнула ўвагу на парушэньні правоў працоўных у Беларусі.