У Віцебску затрымалі Віктара Рамнёва і Вольгу Карач
В.Рамнёва затрымалі “за распаўсюджваньне газэты “Витебский курьер”, а В.Карач – за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Як паведаміў праваабаронца Павал Левінаў, спадара Рамнёва завезьлі ў Першамайскі райаддзел міліцыі ад гандлёвага цэнтру “Амэга” і канфіскавалі 53 паасобнікі газэты.
На Віктара Рамнёва, заснавальніка газэты “Витебский курьер”, якая зарэгістравана ў Расеі і друкуецца ў Смаленску, склалі пратакол, абвінаваціўшы яго ў распаўсюджваньне газэты без выхадных зьвестак, нягледзячы на тое, што яны пазначаныя на апошняй старонцы кожнага нумару.
Вольгу Карач, якая прыехала ў пастарунак і выказала жаданьне прысутнічаць на допыце спадара Рамнёва ў якасьці грамадзкага прадстаўніка, міліцыянты спачатку папрасілі выйсьці. Калі яна адмовілася, міліцыянты заявілі, што затрымліваюць і яе таксама і будуць складаць пратакол за непадпарадкаваньне сваім распараджэньням.
Вольга Карач зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты гарадзкога савету і лічыць, што затрыманьне – гэта парушэньне яе законных правоў.
Нагадаем, што 25 сакавіка Лёзьненскі раённы суд аштрафаваў Віктара Рамнёва за перавоз газэты “Витебский курьер” на 35 базавых велічыняў, што складае 1 225 тысяч рублёў. 10 тысяч паасобнікаў выданьня перад тым сканфіскавалі ў мясцовай міліцыі. А 26 сакавіка Віцебскі раённы суд пакараў спадара Рамнёва штрафам за перавоз 50-ці тысяч незарэгістраванай газэты “Наш дом”.