Барысаў: Безальтэрнатыўных акругаў стала больш
Выконваючы рашэнне з'езду АГП, барысаўчане Міхаіл Васільеў і Алег Лыско, ужо зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты раённага і абласнога Саветаў ад партыі, афіцыйна адмовіліся ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі і знялі свае кандыдатуры.
Такім чынам, сярод 34 выбарчых акругаў па выбарах у Барысаўскі раённы Савет толькі ў трох мяркуецца канкурэнтная барацьба.
Прыкладу Васільева і Лыско не паследаваў іх сябра па партыі Сяргей Фірага, які працягне барацьбу за дэпутацкія мандаты Барысаўскага раённага і Менскага абласнога Саветаў. Па яго словах, гэта свядомы выбар і ён ні пры якіх абставінах не будзе здымаць сваю кандыдатуру.
На выбарчай акрузе № 33 па выбарах у раённы Савет яму будзе супрацьстаяць дырэктар КВУП «Барысаўводаканал» Віктар Зароўскі, а на Зембінскай выбарчай акрузе № 32 па выбарах у абласны Савет - кіраўнік Барысаўскага філіяла ААТ «Белаграпрамбанк» Георгій Кавалёў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"