У Камітэце па правах чалавека зарэгістравана 71-ая скарга з Беларусі
У Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана скарга актывіста партыі БНФ з Берасця Сяргея Лазенка. У сваёй скарзе актывіст просіць прызнаць парушэнне яго правоў пад час затрымання і прыцягнення да адказнасці за ўдзел у сустрэчы з Паўлам Севярынцам.
Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк лічыць абсурдным прыцягненне да адказнасці Лазенка:
- Тое, што Сяргей Лазенка, актывіст партыі БНФ, быў прыцягнуты да адказнасці за удзел у сходзе партыі БНФ выглядае абсурдна. Не ўяўляю, як дзяржава будзе абасноўваць такое неправамернае абмежаванне правоў Сяргея Лазенка.
Нагадаю, што 18 жніўня 2007 года ў горадзе Берасці была затрымана група грамадзян колькасцю 28 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з Паўлам Севярынцам.
Павел Севярынец на сходзе гарадской арганізацыі партыі БНФ прэзентаваў сваю кнігу “Лісты з лесу”.
Пасля затрымання і складання пратаколаў Сяргей Лазенка і іншыя грамадзяне былі прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці за несанкцыянаванае мерапрыемства.
Суд пастанавіў пакараць Лазенка штрафам у памеры дзвюх базавых велічынь, што на той час складала 62 тысячы рублёў. Актывіст не пагадзіўся зтакім пакараннем і абскардзіў яго ў нацыянальнай сістэме, звярнуўся ў судовыя органы.
Пасля праходжання ўсіх магчымых інстанцый Лазенка звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека.