Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі спыніў галадоўку ў Івацэвіцкай калёніі
Зьняволены лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі спыніў галадоўку ў Івацэвіцкай калёніі, якая цягнулася з 13 лістападу амаль тры тыдні. Ён пачаў галадаваць, патрабуючы пакараньня выканаўцы абавязкаў начальніка калёніі Міхаіла Кармановіча, які за незапраўлены ложак пакараў В. Леванеўскага пазбаўленьнем спатканьня са сваякамі, а потым забараніў яму атрымаць перадачу і атаварыцца ў турэмнай краме. Валер Леванеўскі лічыць, што такім чынам яму проста помсьцяць за ягоную барацьбу за свае правы і правы вязьняў і патрабуе пакараць Міхаіла Кармановіча ў службовым парадку, а таксама завесьці супраць яго крымінальную справу.
Прычынай заканчэньня галадоўкі зьняволенага стаў прыезд у калонію праверкі, якая мусіць разабрацца ў скаргах вязьня. Пра гэта радыё Свабода паведаміў сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі, спаслаўшыся на апошні ліст ад бацькі, у якім ён піша, што ў калонію прыехалі правяраючыя па ягоных скаргах з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Брэсцкай вобласьці. Пра тое, як ён сябе адчувае, Валер Леванеўскі ў лісьце не напісаў.
Адносна дзейнасьці кантралёраў даходзяць супярэчлівыя зьвесткі. Некаторыя вязьні калоніі сьцьвярджаюць, што правяраючыя з Брэсту настройвалі іх супраць Валера Леванеўскага. Аднак ў брэсцкай міліцыі кажуць, што прадстаўнікі Камітэту выкананьня пакараньняў проста спрабуюць аб’ектыўна разабрацца ў канфлікце Валера Леванеўскага з кіраўніцтвам адміністрацыі калоніі.
Сам Міхал Кармановіч прэтэнзіі да яго з боку Валера Леванеўскага каментаваць адмаўляецца: “Ёсьць кантралюючыя органы, якія нас кантралююць, і калі яны знойдуць парушэньні, то прымуць адпаведныя захады”.