Дзве камісіі - два падыходы да галоснасці
Выбарчы кодэкс па-рознаму разумеюць у акруговых камісіях. На паседжанне акруговай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання па Талачынскай выбарчай акрузе № 24, на якім разглядалася пытанне пра рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты сябра Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Галіны Петрушэнкі, не дапусцілі нікога, уключаючы і прадстаўніка гэтай жа партыі, яе мужа Мікалая Петрушэнку. Такая вось галоснасць і адкрытасць выбарчага працэсу.
Зусім па-іншаму была арганізавана праца акруговай выбарчай камісіі па Воласаўскай выбарчай акрузе № 25, дзе кандыдатам у дэпутат балатуецца сам Мікалай Петрушэнка. Тут пра месца і час паседжання камісіі было абвешчана загадзя, сябры выбаркама дазволілі Галіне Петрушэнка не толькі прысутнічаць на працэдуры разгляду пытання, але і весці фотаздымкі ўсяго працэсу.
Як здагадваецца чытач, неба не павалілася на зямлю. Падмуркі дзяржавы не былі разбураны.
Дробязь, а прыемна, што ў сельскай глыбінцы разуменне дэмакратыі часам аказваецца глыбейшым, чым у райцэнтры.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”