viasna on patreon

Драгічын: Пасля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты сябра партыі БНФ адвялі ў КДБ

2010 2010-03-25T20:04:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сябра партыі БНФ Андрэй Талкавец, які вылучаўся шляхам збору подпісаў, быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты ў горадзе Драгічыне Брэсцкай вобласці па Паўночнай выбарчай акрузе № 2. Адразу пасля атрымання пасведчання да яго падыйшоў супрацоўнік КДБ і прапанаваў прайсці з ім ва Упраўленне Камітэту дзяржаўнай бяспекі, якое знаходзілася непадалёку.

Размаўляў з кандыдатам у дэпутаты ўжо іншы супрацоўнік. Ён пацікавіўся, ці ведае А. Талкавец  грамадзяніна Расеі, з якім яшчэ ў 2005 годзе ездзіў у адной групе ў Польшчу. Талкавец адказаў на ўсе пытанні і праз 15 хвілін пакінуў будынак КДБ. Дэмактывіст не ведае, з чым звязваць гэтую сітуацыю, і чаму супрацоўнікі спецслужбаў цікавіліся ім менавіта ў дзень рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Пры гэтым ён патлумачыў, што за пяць гадоў не мяняў месца прапіскі і яго за гэты час можна было лёгка знайсці.

Апанентам А.Талкаўца па Паўночнай выбарчай акрузе № 2 г. Драгічына з’яўляецца галоўны ўрач гарадской бальніцы Аляксандр Пратасевіч.

У сябры камісіі на выбарчым  участку акругі, дзе балатуецца Талкавец, ад партыі БНФ вылучаўся Васіль Крывецкі. На паседжанні па фармаванні камісіі старшыня камісіі сказала, што ён не мае досведу працы на выбарах і пры гэтым з’яўляецца 16-м прэтэндэнтам на ўключэнне ў склад камісіі. Прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за прапанову аб неўключэнні сябры партыі БНФ у камісію. Такім чынам, на выбарчым  участку, які размесціцца ў СШ № 1 горада Драгічына, па Паўночнай выбарчай акрузе №2 сярод 15 чалавек няма ніводнага незалежнага сябра камісіі.

“Шансаў мала, але я прайду працэдуру выбарчага працэсу, як таго патрабуе заканадаўства,” - кажа А.Талкавец. - Маё выступленне па раённым радыё прыпала на суботу, заўтра іду запісвацца”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства