viasna on patreon

2 сьнежня супраць уключэньня ў Крымінальны кодэкс дадатковага артыкулу аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь выказаліся толькі чатыры дэпутаты.

2005 2005-12-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Усяго адна гадзіна спатрэбілася дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 2 сьнежня, каб прыняць у другім чытаньні прэзыдэнцкія папраўкі. Пры галасаваньні за ўвесь законапраект яго падтрымалі 97 дэпутатаў, і толькі чатыры выказаліся супраць. Агульная колькасьць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў -- 110 чалавек.

Для таго, каб гэты законапраект стаў законам, ён павінен быць ухвалены Саветам Рэспублікі і падпісаны кіраўніком дзяржавы. 8 сьнежня на пленарным паседжаньні будуць разглядацца папраўкі ў Крымінальны кодэкс, ухваленыя Палатай прадстаўнікоў.

Як паведамілі ў экспэртна-прававой управе Савету Рэспублікі радыё Свабода, законапраект паступіў ад прэзыдэнта на разгляд верхняй палаты гэтак жа ў тэрміновым парадку, як і ў ніжнюю палату. Але праца экспэртаў над ім пакуль не завершана. Юрыдычнае заключэньне будзе прадстаўлена ў камісію ў пытаньнях заканадаўства і дзяржаўнага будаўніцтва. 8 сьнежня законапрект мусіць разгледзець камісія і, нарэшце, Савет Рэспублікі. Намесьніца старшыні камісіі Валянціна Міронава пакуль устрымалася ад камэнтароў

Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што верхняя палата прыме палітычныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, як гэта зрабіла і Палата прадстаўнікоў. Абедзьве структуры аднолькава залежныя ад кіраўніцтва краіны. Паводле спадара Вайтовіча, адхіліць прыняцьцё гэтага рэпрэсіўнага законапраекту, фактычна, немагчыма: “Зразумела, што гэта робіцца дзеля таго, каб усё больш і больш трымаць у жалезных цісках усё грамадзтва, усю краіну. Гэта ўсё Лукашэнка робіць, узмацняе сваю дыктатуру. І нічога тут спыніць пакуль немагчыма, пакуль гэта ўлада. Бачыце, ён яшчэ пайшоў праз закон, а не праз дэкрэты і ўказы. Ён ня хоча, каб гэта на яго клалася. Скажа: о, парламентары прынялі. Ёсьць на каго потым сьпіхваць. Гэта вашы прадстаўнікі народу прынялі ўсё. Такі ход, я думаю, спэцыяльна зроблены”.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч пакуль устрымліваецца ад камэнтароў адносна ўхваленага Палатай прадстаўнікоў законапраекту. Маўляў, падпіша прэзыдэнт, тады будзем выказвацца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства