Беллітфонд можа застацца без памяшканьня
Дырэктар Беллітфонду Вячаслаў Корбут паведаміў радыё Свабода, што ў тэрміновым парадку арганізацыя мусіць сплаціць запазыкі арэнднай платы за 2005 год, якія складаюць 17 мільёнаў рублёў.
Беларускі літаратурны фонд створаны разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, і ўсе ягоныя сябры аўтаматычна становяцца і сябрамі літфонду. Ён існуе на пісьменьніцкія складкі, а таксама прыбыткі ад выдавецкай дзейнасьці. Са сваіх сродкаў літфонд дапамагаў старым і хворым пісьменьнікам, аплачваў часткова іх адпачынак у дамах творчасьці, выдаткоўваў сродкі на пахаваньні сяброў Саюзу пісьменьнікаў.
Пасьля таго, як у 1997 годзе Дом літаратара быў гвалтоўна перададзены гаспадарчаму ўпраўленьню Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, Беллітфонду было выдзелена ў гэтым доме два пакойчыкі, за якія ўстаноўленая вялікая арэндная плата. Запазычанасьць па ёй за гэты год стала прычынай канфлікту літфонду з адміністрацыяй будынку, якая сёньня ўраньні апячатала пакоі літфонду. Але празь некалькі гадзін доступ на працоўныя месцы супрацоўнікам быў адчынены з умовай аплаты запазычанасьцяў цягам двух дзён. У выпадку невыкананьня гэтае ўмовы дырэктара Беллітфонду Вячаслава Корбута папярэдзілі аб скасаваньні дамовы на арэнду памяшканьняў у Доме літаратара.
На 9 сьнежня прызначаны агульны сход сяброў літфонду.