Салігорск: Подпісы 7 з 35 прэтэндэнтаў у кандыдаты прызнаныя несапраўднымі
22 сакавіка Салігорская раённая камісія зацьвердзіла вынікі праверкі подпісаў, сабраных у падтрымку 35 прэтэндэнтаў у кандыдаты. Сямі прэтэндэнтам будзе адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны несапраўднасці подпісаў.
Сярод тых, хто парушыў патрабаванні заканадаўства да збору подпісаў і тры незалежныя вылучэнцы - Аляксандр Яўмененка (прычына несапраўднасьці подпісаў: даты ў падпісных аркушах пастаўлены сябрам ініцыятыўнай групы), Алег Філеня (прычына несапраўднасці подпісаў: даты ў падпісных аркушах пастаўлены сябрам ініцыятыўнай групы), Масакоўскі Генадзь (прычына несапраўднасці подпісаў: подпісы збіраліся не сябрам ініцыятыўнай групы).
Подпісы, сабраныя ў падтрымку яшчэ двух незалежных вылучэнцаў - Аляксея Валабуева і Віктара Яўмененкі - прызнаныя сапраўднымі.
Агулам 49 чалавек падавалі заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, але толькі 35 з іх змаглі сабраць неабходныя дакументы для рэгістрацыі кандыдатамі.
23 сакавіка адбудзецца паседжаньне раённай выбарчай камісіі, дзе будуць прымацца рашэнні па рэгістрацыі кандыдатаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”