Віцебскія праваабаронцы з дапамогай ЦВК выпраўляюць памылкі
Віцебскія праваабаронцы, выявіўшы памылкі ў размешчанай на сайце Ліозненскага выканаўчага камітэта інфармацыі, датычнай фармаванні сельскіх тэрытарыяльных выбарчых камісій, звярнуліся ў Цэнтральную выбарчую камісію з заявай. У заяве паведамлялася наступнае:
“На афіцыйным сайце Лиозненского раённага выканаўчага камітэта (http://liozno.vitebsk-region.gov.by/ru/vybory_26s/izb_komissii) у раздзеле “Выбарчыя камісіі” размешчаная інфармацыя аб сельскіх выбарчых камісіях па выбарах дэпутатаў сельскіх Саветаў дэпутатаў 26 склікання. Дадзеная інфармацыя гаворыць аб тым, што: Бабінавічская сельская выбарчая камісія, Веляшковічская сельская выбарчая камісія, Дабрамыслінская сельская выбарчая камісія, Крынкаўская сельская выбарчая камісія, Ліозненская сельская выбарчая камісія, Яськоўшчынская сельская выбарчая камісія складаюцца з 3-х сяброў. Дадзеныя камісіі сфармаваныя адпаведнымі сельскімі выканаўчымі камітэтамі Ліозненскага раёна Віцебскай вобласці ў адпаведнасці з артыкулам 34 ВК РБ.
Аднак, у частцы 5 артыкула 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь гаворыцца, што “гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў гарадскіх, пасялковых, сельскіх Саветаў дэпутатаў, гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія камісіі па рэферэндуме - гарадскімі, пасялковымі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі ў складзе 7-11 сяброў камісіі не пазней чым за 85 дзён да выбараў, за месяц да рэферэндуму”. Такім чынам, пералічаныя сельскія выбарчыя камісіі сфармаваныя з парушэннем патрабавання часткі 5 артыкула 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая патрабуе, што мінімальная колькасць у складзе сельскіх тэрытарыяльных камісіях павінна быць 7 сяброў, а не 3 сябры”.
Зыходзячы з вышэйназванага, праваабаронцы прасілі Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь выйсці з прапановай да выканаўчых органаў улады Ліозненскага раёна Віцебскай вобласці з прапановай прывесці пералічаныя камісіі ў адпаведнасць з патрабаваннямі часткі 5 артыкула 34 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да заявы прыкладалася копія старонкі афіцыйнага сайта Ліозненскага райвыканкама, дзе былі выяўлены памылкі.
У адказе на дадзеную заяву, падпісаным старшынёй ЦВК Л. М. Ярмошынай, паведамляецца наступнае:
“У сувязі з Вашым зваротам у Цэнтральную камісію паведамляем, што пры стварэнні сельскіх тэрытарыяльных выбарчых камісій у Ліозненскім раёне строга выкананая норма Выбарчага кодэкса аб колькасным складзе камісій гэтага ўзроўня: падчас праверак устаноўлена, што ва ўсіх гэтых камісіях па 7 сяброў.
Паколькі раённая выбарчая камісія створана Ліозненскім раённым выканаўчым камітэтам, то на сваім Інтэрнэт-сайце выканкам змясціў адпаведнае рашэнне ў поўным аб'ёме. У адносінах да сельскіх тэрытарыяльных выбарчых камісій прыведзена інфармацыя толькі аб старшыні, намесніку старшыні і сакратары кожнай з камісій, паколькі рашэнні аб іх фармаванні прымалася сельскімі выканаўчымі камітэтамі”.
І сапраўды, правісеўшы больш за месяц на афіцыйным сайце, інфармацыя з памылкамі 16 сакавіка была выпраўленая.
Па словах праваабаронцы з Віцебску Леаніда Свеціка, ён задаволены супрацоўніцтвам з Цэнтральнай выбарчай камісій: “Хаця кіраўніцтва ЦВК афіцыйна і не прызнала памылак на афіцыйным сайце Ліозненскага райвыканкама, але мабыць па сваіх каналам паведаміла аб іх наяўнасці, і яны былі аператыўна выпраўленыя”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”