На Віцебшчыне агітацыя абмежаваная
Сродкі масавай інфармацыі апублікавалі рашэнні гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў аб размяшчэнні агітацыйных друкаваных матэрыялаў на тэрыторыі гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці. Аналіз гэтых рашэнняў дазваляе сцвярджаць, што выканкамы ў значнай ступені абмежавалі магчымасці для агітацыі з выкарыстаннем агітацыйных плакатаў.
Па ўзгадненні з акруговымі, раённымі выбарчымі камісіямі, Глубокскі раённы выканаўчы камітэт вырашыў, што для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў на тэрыторыі раёна прыдатныя толькі вулічныя інфармацыйныя шчыты і інфармацыйныя стэнды прадпрыемстваў, арганізацый усіх формаў уласнасці, устаноў сацыяльнай сферы, грамадскіх фармаванняў. І тут жа забараніў размяшчэнне агітацыйных матэрыялаў у неўсталяваных месцах: на слупах, дзвярах, вокнах, сценах будынкаў, платах і інш. Да парушальнікаў рашэння выканкама будуць ужываць меры адміністрацыйнай адказнасці паводле Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Гарадокскі раённы выканаўчы камітэт пасля ўзгаднення з выбарчымі камісіямі вырашыў выдзеліць для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў наступныя месцы: вольныя часткі інфармацыйных стэндаў устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый, аконных праёмаў і зашклёных уваходных груп крам, кінатэатра "Радзіма" і адміністрацыйных будынкаў.
Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт зацвердзіў месцы для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў кандыдатаў: дошкі для аб'яў: г. Чашнікі, вул. Ленінская, вул. Савецкая, вул. Гагарына; г. Навалукомль, вул. Энергетыкаў; установы культуры, аўтастанцыі г. Чашнікі, г. Навалукомль, чыгуначная станцыя "Чашнікі", гандлёвыя аб'екты (крамы), прахадныя арганізацый па ўзгадненні з адміністрацыяй. Аднак жа тут жа забараніў размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў у не адведзеных для іх месцах.
Міёрскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб размяшчэнні агітацыйных друкаваных матэрыялаў на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання ў г. Міёры і вызначыў, на погляд чыноўнікаў, найбольш наведваемыя грамадзянамі месцы. А менавіта: адміністрацыйныя будынкі прадпрыемстваў і арганізацый; аўта- і чыгуначны вакзалы; раённы Дом культуры і раённая бібліятэка; кінатэатр камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства кінавідэапракату "Міёрская раённая кінавідэасетка"; паліклініка, цэнтральная раённая бальніца, аптэка №111; паштовы аддзел Міёрскага РВПС; крамы сістэмы Міёрскага райпо; гасцініца ЖКГ Міёрскага раёна; Дом быту "Міёрскі КБО"; крамы філіяла "Міёрскі хлебазавод" “Віцтебскхлебпрам"; крама ААТ "Міёрскі мясакамбінат"; "Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Міёрскага раёна".
Для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў на тэрыторыі ўчастку для галасавання ў г. Дзісна вызначаны наступныя месцы, найбольш наведваемыя грамадзянамі: гарадскі Цэнтр культуры; паліклініка; Дзісненскі гарвыканкам; крамы сістэмы Міёрскага райпо; Дом быту "Міёрскі КБО"; швейны цэх "Віцяблянка".
Для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання ў Зауцьеўскім, Міёрскім, Мікалаеўскім, Туркаўскім, Язненскім, Далгінаўскім, Навапагосцкім, Перабродскім, Павятскім сельсаветах вызначаныя наступныя месцы: сельскія Дамы культуры, клубы, бібліятэкі; аддзяленні сувязі Міёрскага РВПС; крамы сістэмы Міёрскага райпо; адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Размяшчаць агітацыйныя матэрыялы, па меркаванні выканкама, варта з унутранага боку зашклёных вітрын, дзвярэй, вокнаў або на адмыслова адведзеных для гэтых мэтаў інфармацыйных стэндах, дошках аб'яў.
Усе выканаўчыя камітэты ўсклалі кантроль за выкананнем сваіх рашэнняў на намеснікаў старшыняў райвыканкамаў, аддзелы ўнутраных спраў і аддзелы па ідэалагічнай працы.
Строгая рэгламентацыя месцаў па размяшчэнні агітацыйных друкаваных матэрыялаў і адначасова адміністрацыйнае пакаранне за невыкананне рашэння выканаўчай улады ў значнай ступені абмяжоўваюць магчымасць кандыдатам у дэпутаты і іх давераным асобам правядзенне паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”