Гомельскі аблвыканкам пазбавіў акрэдытацыі Алену Пасканную ; уласную карэспандэнтку ў рэгіёне Беларускай прыватнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.
Афіцыйны ліст наконт пазбаўленьня акрэдытацыі Алены Пасканнай дасланы ў БелаПАН за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Пятра Кірычэнкі. У ім сказана, што карэспандэнтка пазбаўлена акрэдытацыі ў сувязі з парушэньнем ёю вызначаных правілаў акрэдытацыі.
Я нават ня ведаю, што Гомельскі аблвыканкам мае нейкае палажэньне пра акрэдытацыю. Прэсавы сакратар Яўген Пабалавец кажа, што такія правілы існуюць. Але ні я, ні мае калегі ніколі ня бачылі гэтага палажэньня. Лічу, што акрэдытацыя; сродак абмежаваньня доступу да інфармацыі журналістаў недзяржаўных мэдыяў. Якая можа быць акрэдытацыя?! Я грамадзянка Беларусі, кампанія, дзе я працую, таксама беларуская, афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі. Мы працуем дзеля грамадзянаў нашай краіны. Чаму мы ня можам мець доступу да інфармацыі з органаў улады?-- сказала Алена Пасканная Радыё Свабода
Прэсавы сакратар аблвыканкаму Яўген Пабалавец сьцьвярджае, што карэспандэнтка Пасканная пазбаўлена акрэдытацыі за некаторую прадузятасьць і неаб;ектыўнасьць маўляў, журналістка ў адной з інфармацыяў спасылалася на аддзел ідэалёгіі гарвыканкаму, хаця ў аддзел яна нібыта не зьвярталася.
Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай лічыць рашэньне аблвыканкаму адносна сваёй супрацоўніцы неабгрунтаваным:
Мы лічым, што гэта беспадстаўна і робіцца з палітычных прычынаў. Мы незалежная інфармацыйная кампанія. Наша дзейнасьць не падабаецца ўладам -- заявіў Алесь Ліпай.
Пазбаўленьне акрэдытацыі не азначае, што журналістка БелаПАНу ня можа працаваць у рэгіёне. Проста аблвыканкам ня будзе дапускаць яе на свае паседжаньні ды іншыя мерапрыемствы.