Пяць зваротаў у ААН з Берасця
Пяцёра грамадзян Берасця абскардзілі ў Камітэце ААН па правах чалавека забарону пікета ў горадзе супраць раўнадушша чыноўнікаў да зваротаў грамадзян. Індывідуальныя звароты ў Камітэт накіравалі заяўнік дадзенага пікету Павел Казлоў, а таксама берасцейцы, якія збіраліся стаць ўдзельнікамі мерапрыемства, Валерый Ільяш, Сяргей Пстыга, Марат Брашко і Раман Кісляк.
У сваіх зваротах у незалежны орган міжнароднага расследавання яны заяўляюць, што забарона Берасцейскім гарвыканкамам дадзенага пікету з’яўляецца парушэннем іх грамадзянскіх правоў на свабоднае выражэнне сваіх меркаванняў і на мірныя сходы.
Па словах Рамана Кісляка, яны выкарысталі ўсе сродкі грамадзянскай абароны ў Беларусі:
- Раней беспаспяхова абскарджвалі забарону ў адпаведных беларускіх інстанцыях.Берасцейскія ўлады забаранілі правядзенне дадзенага пікету ў сувязі з тым, што планавалася правесці пікет не ў месцы, вызначаным уладамі для такіх мерапрыемстваў, якім з’яўляецца стадыён “Лакаматыў”. Па перакананнях заяўніка і жадаючых прыняць удзел ў пікеце, праводзіць там публічныя акцыі не мае сэнсу. Прыцягнуць увагу грамадскасці ў безлюдным месцы немагчыма.Мы спадзяемся, што гэта праблемная сітуацыя стане прадметам разбіральніцтва незалежнага міжнароднага органа.
Раман Кісляк упэўнены, што Камітэт прызнае парушэнне правоў зваротаў і беларускія ўлады павінны будуць стварыць у горадзе Берасці ўмовы для выражэння меркаванняў грамадзян у людных месцах горада.
Нагадаю, што падставай для пікету стала незаконнае ануляванне ліцэнзіі Паўла Казлова.Ён накіраваў 50 скаргаў у розныя інстанцыі аб неправамерным рашэнні Міністэрства юстыцыі, на аснове якога стала магчымым пазбаўленне ліцэнзіі на ацэнку транспартных сродкаў.
Пазбавілі за тое, што Казлоў па азначэнні суда правёў экспертызу дарожна-транспартнага здарэння не на карысць яго ўдзельніка - супрацоўніка ДАІ.
Казлоў лічыць, што яго звароты не разглядаліся па сутнасці.