Суд па скарзе заснавальніка газеты «Наш дом» да Міністэрства інфармацыі пачнецца 23 сакавіка.
Такую дату прызначыла сёння суддзя Вышэйшага Гаспадарчага Суда на папярэдняй сустрэчы бакоў. І заснавальнік (прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства «Витебский корунд»), і Мінінфармацыі засталіся кожны пры сваім меркаванні.
«Витебский корунд» лічыць, што міністэрства незаконна пакінула без разгляду пададзеныя на рэгістрацыю «Нашага дома» дакументы, а тое не прызнае патрабаванняў заяўніка і просіць суд адхіліць скаргу.
Мінінфармацыі сцвярджае, што ў накіраванай на рэгістрацыю выдання заяве «звесткі пра працу галоўнага рэдактара адлюстраваныя не поўнасцю», бо ў іх указаныя толькі гады яго папярэдняй працы на пасадзе рэдактара, без даты і месяца. У сувязі з гэтым «не прадстаўляецца магчымым вызначыць наяўнасць у яго стажу працы на кіраўнічых пасадах адпаведнага профілю не менш за 5 гадоў». Таму, маўляў, Мінінфармацыі і не магло прыняць рашэння пра рэгістрацыю альбо адмову ў рэгістрацыі СМІ.
«Мы ўказалі тэрмін, на працягу якога Вадзім Баршчэўскі адпрацаваў рэдактарам. Гэта больш за 5 гадоў, і таму мы лічым, што няма сэнсу ўказваць дату і месяц, — абгрунтоўвае пазіцыю „Витебского корунда“ юрыст Павел Левінаў, які прадстаўляў інтарэсы заяўніка ў судзе. — Акрамя таго, у адпаведнасці з законам Мінінфармацыі павінна было альбо зарэгістраваць СМІ, альбо адмовіць у рэгістрацыі. Незразумела, паводле якой нормы закона дакументы месяц праляжалі ў міністэрстве і былі вернутыя без разгляду. Пакет дакументаў накіроўваўся не поштай, а падаваўся наўпрост ў Мінінфармацыі — яго прынялі, праглядзелі, і ні ў каго ніякіх пытанняў не ўзнікала…»
Па словах П. Левінава, калі суд усё ж возьме бок міністэрства, «Витебский корунд» будзе падаваць дакументы на рэгістрацыю газеты наноў.
Яшчэ адно недзяржаўнае выданне не змагло зарэгістравацца (копія дакумента)