viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, люты 2010 году

2010 2010-03-09T22:23:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravy-chalaveka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лютым канфлікт паміж прызнаным і  і непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзамі палякаў у Беларусі набыў міжнародны характар і прывёў да дыпламатычнага скандалу паміж Беларусьсю і Польшчай. 17 лютага суд Валожынскага раёну абавязаў дырэктарку Івянецкага Польскага дому Тэрэзу Собаль вызваліць будынак і перадаць яго кіраўніцтву мясцовай арганізацыі праўладнага Саюзу палякаў. У дні, калі праходзілі судовыя слуханьні справы па канфіскацыі Дому польскага ў Івянцы, адбываліся масавыя затрыманьні грамадзкіх актывістаў, а кіраўнікам СПБ суды вынеслі адміністрацыйныя пакараньні па абвінавачаньні ў несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці, якая адбылася 10 лютага ў Гародні. У сувязі з гэтымі падзеямі ў Варшаве была скліканая тэрміновая нарада ў МЗС Польшчы. Было прынятае рашэньне, што асобы, датычныя да рэпрэсіяў супраць беларускіх палякаў, ня будуць мець дазволу на ўезд на тэрыторыю Польшчы.

Амбасада Польшчы зьвярнула ўвагу беларускіх СМІ на неадпаведнасьць зьвестак, пададзеных некаторымі беларускімі тэлеканаламі. “З вялікай занепакоенасьцю  і шкадаваньнем мы ўспрымаем антыпольскую прапагандысцкую кампанію, прапанаваную Беларускім дзяржаўным тэлебачаньнем, і ацэньваем яе як дрэнны курс у дыялогу паміж нашымі дзяржавамі”, - адзначыў Павел Марчук, першы сакратар амбасады Рэспублікі Польшча. Напрыканцы лютага Еўрапейскі інвестыцыйны банк прыняў рашэньне аб спыненьні выдзяленьня крэдытаў Беларусі ў сувязі з ціскам на Саюз палякаў. «Крэдыты ЕІБ зьяўляюцца адзінай магчымасьцю фінансавага ціску Еўразьвязу на беларускія ўлады», – заявіла ў інтэрвію польскаму выданьню «Gazeta Wyborcza» віцэ-прэзыдэнт банку Марта Гаенцка. Як паведаміў Польскаму прэсаваму агенцтву (PAP) кіраўнік канцэлярыі польскага прэзідэнта Ўладзіслаў Стасяк, у сярэдзіне лютага Лех Качыньскі накіраваў ліст А. Лукашэнку ў справе сітуацыі вакол СПБ, у якім зьвяртаецца да прэзідэнта Беларусі з просьбай “асабіста зацікавіцца сітуацыяй польскай меншасьці ў Беларусі”. Прэзідэнт Польшы выказаў “поўную салідарнасьць” з СПБ на чале з Анжалікай Борыс ды заклікаў увесь Еўразьвяз да салідарнасьці ў гэтай справе. Ён адзначыў, што Польшча цяпер абараняе ня толькі правы польскай меншасьці, але і правы чалавека ўвогуле, правы апазіцыі.

Каб урэгуляваць пытаньне з польскай меншасьцю ў Беларусі,  вырашана стварыць групу беларуска-польскіх экспэртаў. Пра гэта вусна дамовіліся міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі з прэзідэнтам А.Лукашэнкам падчас сустрэчы ў Кіеве. Дэбаты ў еўрапарламенце адбыліся 24 лютага ў Брусэлі. Дэпутаты ад найбуйнейшых еўрапейскіх партыяў асудзілі перасьлед польскай меншасьці ў Беларусі і запатрабавалі ад менскіх уладаў адпавядаць дэмакратычным стандартам. Галасаваньне па рэзалюцыі перанесьлі на сакавік. 

У лютым у Менску былі жорстка падаўленыя тры дэмакратычныя акцыі. 8 лютага менскія сьпецназаўцы разагналі акцыю салідарнасьці з аыштаванымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам. Па сьведчаньні ўдзельніка акцыі лідэра кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля, “ужо тры-чатыры месяцы такога жорсткага абыходжаньня ён ня бачыў”. Некаторых зьбівалі, калі цягнулі ў аўтобус, камусьці разьбілі акуляры. У Цэнтральным РУУС сталіцы затрыманых актывістаў двума ланцугамі паставілі ў калідоры тварам да сьцяны. Так яны стаялі каля дзьвюх гадзінаў, пакуль іх пачалі адпускаць. Тым, хто ўпершыню трапіў у пастарунак, павялі на дактыласкапію, зьнялі на фота і відэакамеру. Журналісты, якія прыйшлі асьвятляць акцыю салідарнасьці, зноў не змаглі выконваць свае прафесійныя абавязкі. Перашкоды чынілі ўжо апрабаваным раней спосабам невядомыя людзі ў цывільным, якія шчыльным колам захіналі дэманстрантаў ад журналістаў і закрывалі рукамі камеры аператараў.

Разгонам і затрыманьнямі скончылася традыцыйная моладзевая акцыя ў День Сьвятога Валянціна 14 лютага. У выніку ў пастарунак трапілі каля трыццаці сябраў моладзевага дэмакратычнага руху. Адлічаная з юрфаку БДУ за грамадзкую дзейнасьць маладафронтаўка Тацяна Шапуцька атрымала лёгкую чэрапна-мазгавую траўму – такі дыягназ ёй паставілі ў 10-ым клінічным шпіталі.

У выніку правядзеньня традыцыйнага Дня салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі 16 лютага ў Цэнтральны РУУС Менску трапілі 19 чалавек, сярод іх апынулася і фотакарэспандэнтка “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч. Праз тры гадзіны ўсіх затрыманых вызвалілі без складаньня адміністрацыйных пратаколаў. 

У сувязі з узмацненьнем рэпрэсіў праваабарончыя арганізацыі Беларусі заявілі аб намеры правядзеньня перамоваў з сілавымі структурамі з мэтай пошуку шляхоў для нармалізацыі дзейнасьці праваахоўных органаў пры забеспячэньні правапарадку падчас правядзеньня мірных сходаў. Ініцыятарамі перагаворнага працэсу выступілі Асьветніцкая ўстанова “Цэнтр прававой трансфармацыі”, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Камітэт “Салідарнасьць”, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі Дом правоў чалавека, Цэнтр па правах чалавека і “Прававая дапамога насельніцтву”. У калектыўным звароце праваабаронцаў адзначана, што неабходнасьць перагаворнага працэсу абвешчана ў неадкладным  парадку і абумоўлена дзеяньнямі  супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры правядзеньні мірных сходаў 8, 14 і 16 лютага, а таксама сітуацыяй вакол “Саюзу палякаў у Беларусі”. Сустрэча была прызначаная на 19 лютага ў гатэлі «Еўропа». Для назіраньня за перагаворным працэсам, забеспячэньня адкрытасьці і інфармаваньня грамадскасьці арганізацыйным камітэтам былі запрошаны прадстаўнікі дыпламатычных місій, офіса АБСЕ ў Менску, Прадстаўніцтва Еўракамісіі, журналісты. Міліцыя і КГБ на перамовы не прыйшлі. Акрамя таго ў апошні момант адміністрацыя гатэлю скасавала дамову, спаслаўшыся на тое, што памяшканьне зьняла «дэлегацыя з Бразіліі». 

11 лютага праваабаронцы прэзентавалі даклад для працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду Беларусі ў межах Савета ААН па правах чалавека. Універсальны перыядычны агляд (УПА), да якога рыхтуецца Беларусь, – гэта механізм Савета па правах чалавека, у рамках якога Савет праводзіць рэгулярныя агляды па выкананьні 192 дзяржавамі-членамі ААН абавязацельстваў і абавязкаў у галіне правоў чалавека. Сама працэдура ўзнікла ў выніку рэфармавання ААН: з’яўленьня Савету па правах чалавека і ліквідацыі інстытуту сьпецдакладчыка па правах чалавека па краінах. Рэспубліка Беларусь сёлета будзе ўпершыню праходзіць такую працэдуру. У падрыхтоўцы альтэрнатыўнага агляду прымалі ўдзел Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Асамблея НДА і Міжнародная федэрацыя правоў чалавека. У кастрычніку мінулага году ён быў накіраваны ў Савет ААН.

  1. Палітычна матываваны крымінальны перасьлед

11 лютага маладафронтавец з Берасьця Іван Стасюк атрымаў пракурорскае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У ім значыцца, што матэрыялы аб дзейнасьці актывіста паступілі ў пракуратуру з УКДБ Берасьцейскай вобласьці. З прадстаўленай інфармацыі і з раздруковак матэрыялаў сайтаў “Малады Фронт” і “Радыё Рацыя” была зроблена выснова, што актывіст прымае ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Між тым, на афіцыйнай паперы, выдадзенай актывісту, значыцца дата мінулага году – 09.02.2009. 

19 лютага Кастрычніцкі суд Віцебску прызнаў рэгіянальнага актывіста БХД і “Маладой Беларусі”Алега Сургана вінаватым у нападзе на міліцыянта (арт. 364 КК - гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі) і пакараў на шэсьць месяцаў арышту і на 2,5 мільёна рублёў кампенсацыі, якія ён мусіць сплаціць нібыта пацярпеламу лейтэнанту Дудкевічу. Між тым, па словах актывіста, менавіта яго зьбівалі ў міліцэйскай машыне, калі везьлі ў пастарунак. Пасьля таго, як А.Сурган зьвярнуўся са скаргай на дзеяньні міліцыянта ў пракуратуру, Дудкевіч заявіў пра напад. На судзе ў сваім апошнім слове А.Сурган заявіў: крымінальны перасьлед выкліканы тым фактам, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг, аднак той пратакол некуды зьнік і ў справе не фігуруе. 

24 лютага ў Валожынскім РАУС у межах сьледзтва па крымінальнай справе былі дапытаныя дырэктарка івянецкага Польскага дому Тэрэза Собаль і бухгалтарка Рамуальда Мірон. Актывістка апазіцыйнага Саюзу палякаў на Беларусі Т. Собаль выступае падазраванай у крымінальнай справе аб злоўжываньні службовым становішчам (ч.2 арт. 210 КК РБ). Справа, узбуджаная 05.01.10 г., грунтуецца на тым, што напрыканцы 2004 году Т.Собаль атрымала заахвочваньне ад кіраўніцтва СПБ з Горадні  ў памеры 600 тысяч беларускіх рублёў. Сьледчы прапанаваў ёй спыніць крымінальную справу ў сувязі са сканчэньнем тэрміну даўніны. Яна адмовілася, бо лічыць, што справа мусіць быць спынена з-за адсутнасьці складу злачынства. Тэрмін сьледзтва працягнуты да 18 сакавіка.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

15 лютага ў Горадні і Валожыне былі пакараныя кіраўнікі апазіцыйнага Саюзу палякаў у  Беларусі. Кіраўніцу СПБ Анжаліку Борыс суд аштрафаваў на  30 б.в. (1млн 50 тыс. руб). На пяць сутак арыштаваныя намесьнік старшыні Мечыслаў Яскевіч, старшыня Рады Андрэй Пачобут і прэс-сакратар Ігар Банцар. Суд прызнаў іх удзельнікамі несанкцыянаванага мітынгу, які адбыўся 10 лютага ў Гародні ў падтрымку івянецкіх палякаў. За кратамі І. Банцар усе пяць дзён праводзіў галадоўку, а А. Пачобута, супрацоўнікі міліцыі не адпусьцілі, каб ён змог забраць жонку з радзільні. 

Актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя" Алесь Галавань быў завочна асуджаны на 7 сутак адміністратыўнага арышту, што вынікае з пастановы суду, якую ён атрымаў па пошце. Разам з іншым актывістам БХД Валерам Раманенка ён быў  быў затрыманы ў Віцебску 15 студзеня, у іх канфіскавалі бел-чырвона-белыя сцягі. Маладых людзей абвінавацілі ў тым, што яны нібыта "знаходзіліся ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане".  А.Галавань і В.Раманенка правялі за кратамі трое сутак да суду, а на працэсе запатрабавалі адвакатаў. У выніку, суд перанеслі. Цяпер жа высьветлілася, што ён прайшоў у адсутнасьць А.Галаваня. 

24 лютага адміністрацыйная камісія Фрунзенскага раёну Менску пакарала актывістку аргкамітэту па стварэньні партыі "БХД" Ірыну Губскую штрафам у памеры 5 б.в. (175 тыс. руб.). Дзяўчыну затрымалі ў ноч з 15 на 16 лютага падчас правядзеньня акцыі ў падтрымку нефармальнага СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Тады ў цэнтры Менску на будынках станцыі метрапалітэна "Плошча Леніна", Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і Менгарвыканкаму  з’явіліся бел-чырвона-белыя налепкі з надпісам Wolna Bialorus ("Вольная Беларусь"). Адміністрацыйная камісія прызнала І. Губскую вінаватай у парушэньні правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў.

  1. Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі 

3 лютага у Менску супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным учынілі спробу ўварвацца ў кватэру, якую здымае прадстаўнік незалежнага тэлеканалу "Белсат". У той час у кватэры знаходзіліся беларускія журналісты. 4 лютага судзьдзя Аксана Рэлява Савецкага райсуду Менску пакарала незалежнага журналіста Івана Шульгу па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пры гэтым першая частка слуханьняў прайшла ў закрытым рэжыме, а судзьдзя адхіліла хадайніцтва адваката выклікаць у суд сьведку. Сябра БАЖ быў затрыманы напярэдадні пры міліцэйскім штурме кватэры. Журналіст адмовіўся дапамагаць міліцыянтам і крыкнуў праз дзьверы, каб іх не адчынялі. І.Шульгу адвезьлі ў Савецкі РУУС на алкагольную экспертызу, якая не падцьвердзілася. Тады затрыманага абвінавацілі ў тым, што падчас размовы ён нібыта абражаў міліцыянтаў і нават ударыў нагой аднаго з іх. 

11 лютага карэспандэнту недзяржаўнага інфармагенцтва БелаПАН Анатолю Гатоўчыцу і незалежнаму журналісту Алегу Ражкову не дазволілі ўвайсьці ў памяшканьне Савецкага райсуду Гомеля з-за наяўнасьці пры іх тэле- і фотаапаратуры. Інцыдэнт здарыўся перад пачаткам адкрытага судовага паседжаньня па справе прызыўніка Яўгена Якавенкі, які нібыта ўхіляўся ад службы ў войску. 

15 лютага БАЖ накіраваў чарговы ліст міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову, у якім дамагаецца адказу наконт перашкодаў журналістам у працы. «На прэсавай канферэнцыі 28 студзеня Вы паабяцалі разабрацца, чаму грамадскае аб’яднаньне не атрымала адказу на свой зварот з нагоды парушэньня правоў журналістаў невядомымі асобамі ў цывільным у часе вулічных акцый восеньню 2009 году», — нагадваюць журналісты. 

17 лютага супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РУУС Менску правялі вобшук на працоўным месцы сябры БАЖ, намесьніцы галоўнага рэдактара газеты «Народная воля» Марыны Коктыш. Быў канфіскаваны сістэмны блок яе камп'ютэра. Журналістку таксама выклікалі ў Ленінскі РУУС на допыт у якасьці сьведкі па так званай “паляўнічай” справе, у межах якой шэраг службовых асобаў структуры Міністэрства ўнутраных спраў падазараюцца ў перавышэньні сваіх паўнамоцтваў. Крымінальная справа заведзена паводле ч.2 арт.188 (паклёп, які ўтрымліваецца ў СМІ). 

26 лютага быў праведзены вобшук на кватэры шэф-рэдактара газэты “Народная воля” Сьвятланы Калінкінай. Сьледчы Савецкага РУУС сталіцы Камінскі прад’явіў пратакол, з якога вынікала, што расшукваюцца тыя, хто зняважыў былога кіраўніка ўпраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці. У выніку ў журналісткі незалежнага выданьня канфіскавалі камп’ютар яе і сына, флэшкі і телефонны нататнік. Пры гэтым, як сцьвярджае С. Калінкіна, міліцыянты не далі ёй магчымасьці зьвязацца ні з адвакатам, ні з галоўным рэдактарам сваёй газеты, ні з прадстаўнікамі БАЖ – адразу загадалі выключыць тэлефон. Шэф-рэдактарка “Народнай волі” звязвае вобшук не з «паляўнічай справай», а з жаданнем праваахоўных органаў запалохаць незалежную прэсу. 

20 лютага заснавальнік недзяржаўнай газеты «Наш дом» – прыватнае ўнітарнае гандлёвае прадпрыемства «Витебский корунд» – паскардзілася ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд на Міністэрства інфармацыі, якое пакінула без разгляду дакументы аб рэгістрацыі выданьня. У скарзе ў суд ПУГП «Витебский корунд» патрабуе прызнаць дзеяньні Мінінфармацыі незаконнымі, бо міністэрства мусіла альбо зарэгістраваць СМІ, альбо афіцыйна адмовіць у рэгістрацыі, а не вяртаць дакументы.

Такім чынам, адмовы ў рэгістрацыі (альбо вяртаньне дакументаў на рэгістрацыю) на гэты момант маюць (па зьвестках БАЖ) як мінімум 8 выданьняў: «Наш дом» (Віцебск), «Магілёўскі час» (Магілёў), «Солигорск плюс» (Салігорск, Мінская вобл.), «Новая газета Бобруйска» (Бабруйск, Магілёўская вобласьць), «Мар’інагорская» (Мар’іна Горка, Менская вобл.), «Прэфект плюс» (Глыбокае, Віцебская вобласьць), «Химик. Два города» (Наваполацк) і яшчэ 1 выданьне, заснавальнікі якога не пажадалі пакуль быць згаданымі ў прэсе.

  1. Па рушэньне права на свободу мірных сходаў

Берасьцейскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу пенсіянера Паўла Казлова на рашэньне Ленінскага райсуду Берасьця, які прызнаў адмову гарвыканкаму ў пікеце ў цэнтры гораду законнай. Суд спаслаўся на рашэньне гарвыканкаму аб выдзяленьні адзінага месца для масавых мерапрыемстваў – стадыёну “Лакаматыў”, які знаходзіцца на ўскрайку гораду. Аднак П.Казлоў лічыць бессэнсоўным праводзіць акцыю, ськіраваную супраць раўнадушша чыноўнікаў, у бязлюдным месцы. Падставай для пікету паслужыла тое, што ўжо чацьвёрты год пенсіянер намагаецца вярнуць незаконна ануляваную  ліцэнзію на правядзеньне аўтатэхнічных экспертыз. Міністэрствам юстыцыі пазбавіла яго ліцэнзіі на ацэнку аўтамабіляў пасля таго, як, па просьбе суда, Казлоў, якасны эксьперт з 40-гадовым стажам, зрабіў экспертызу па дарожна-транспартным здарэньні з удзелам супрацоўніка ДАІ не на карысьць апошняга. За гэтыя гады ён напісаў звыш 50 скаргаў і адкрытае пісьмо прэзідэнту. Але ўсе інстанцыі паставіліся да скаргаў пакрыўджанага пенсіянера чыста фармальна.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

3 лютага Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступіў з заявай аб перасьледзе сяброў аб’яднаньня. Заява прынята Радай СБП аднагалосна. Гэта зьвязана з тым, што ўсе сябры СБП, якія працуюць у дзяржаўных бюджэтных установах, былі выкліканыя да кіраўніцтва. Пад пагрозай звальненьня ва ўльтыматыўнай форме ім было прапанавана выйсьці з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Як высьветлілася, кіраўніцтвы атрымалі ліст з Адміністрацыі прэзідэнта, названы так: «Дэструктыўная арганізацыя, сяброўства ў якой несумяшчальна з працай у дзяржаўных установах і ведамствах». Між тым, грамадзкае аб’яднаньне «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі і ў ягоных шэрагах Народныя паэты Беларусі Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін, дзясяткі іншых слынных літаратараў. Прыкладна 3 месяцы таму СБП прайшоў адпаведную чыстку ў Мінюсце. На запыт міністэрства старшыня СБП Алесь Пашкевіч падаў ў ведамства агульны сьпіс сябраў арганізацыі, у якім былі пазначаны прозьвішчы, псеўданімы, месца жыхарства, год уступленьня, жанр, у якім працуе літаратар. Мін’юст запатрабаваў падаць зьвесткі пра месца працы. Гэты запыт А. Пашкевіч ня стаў выконваць, але, як паказвае практыка, месцы працы былі выяўлены іншым чынам. 

18 лютага Вярхоўны Суд Беларусі адмовіў заснавальнікам праваабарончага грамадскага аб’яднання “Берасьцейская Вясна” у задавальненьні касацыйнай скаргі, якая тычылася адмовы ў дзяржрэгістрацыі аб’яднаньня. Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага абласнога выканкаму давала адтэрміноўку заяўнікам для выпраўленьня недакладнасьцяў, аднак супрацоўнікі аддзелу не ўказвалі на тыя моманты, якія ў далейшым паслужылі прычынай адмовы – прадастаўленьне копіі квітка аб аплаце пошліны за рэгістрацыю замест арыгінала. Такім чынам, праваабаронцы прыйшлі да высновы, што ўлады не зацікаўленыя ў дзейнасьці рэгіянальнай праваабарончай арганізацыі. З 2004 году гэта была ўжо 5 спроба рэгістрацыі “Берасьцейскай Вясны”. 

18 лютага Вярхоўны Суд адмовіў заснавальнікам партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя, якія патрабавалі прызнаць незаконным рашэньне чыноўнікаў не рэгістраваць партыю. Акрамя таго сустаршыням БХД Паўлу Севярынцу і Віталю Рымашэўскаму, а таксама адказнаму сакратару Дзянісу Садоўскаму адмовілі ў магчымасьці заслухаць абвяшчэньне прысуду. У залу пусьцілі толькі часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Майкла Скэнлана, прадстаўніка амбасады Нямеччыны Эрнста Крэса і карэспандэнтку “Радыё Свабода” Любоў Лунёву. Сустаршыні БХД, у сваю чаргу, заявілі пра беспрэцэдэнтны ціск на заснавальнікаў партыі, якіх разнастайнымі пагрозамі вымушалі адмовіцца ад сваіх подпісаў у дакументах аб заснаванні партыі. 

Лідэр Беларускага незалежнага прафсаюзу Сяргей Антусевіч зьвярнуўся ў пракуратуру па факту ціску на рабочых прадпрыемства “Гродна Азот” з боку адміністрацыі. Пад пагрозай звальненьня кіраўнікі цэхаў пачалі патрабаваць ад рабочых, каб тыя пакінулі шэрагі незалежнага прафсаюзу. С. Антусевіч кажа, што ў цяперашніх эканамічных абставінах улады баяцца незалежных прафсаюзаў, якія могуць ня толькі тлумачыць рабочым прычыны цяжкай сітуацыі, але і выводзіць іх на вуліцу.

 28 лютага "Малады фронт" чарговы раз падаў у Мінюст дакумэнты на рэгістрацыю грамадзкага аб'яднаньня "Малады фронт". Ва ўстаноўчым зьезде, які адбыўся ў Менску месяц таму, 30 студзеня, прынялі ўдзел 86 дэлегатаў. Гэта ўжо шостая з 2000 году спроба легалізаваць дзейнасьць Маладога Фронту ў Беларусі. У 2007 годзе арганізацыя была афіцыйна зарэгістраваны ў Чэхіі і з таго часу мае статус міжнароднага моладзевага грамадзкага аб'яднаньня. Лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч лічыць, што чым больш яны будуць рабіць спробаў рэгістрацыі, тым цяжэй будзе праваахоўным органам перасьледаваць актывістаў па гэтым артыкуле. Таксама ён падкрэсьліў, што калі аб'яднаньне зноў не зарэгіструюць, "Малады фронт" будзе праводзіць устаноўчыя зьезды раз у квартал.

  1. Гвалт і іншыя віды жорсткага абыходжаньня  

Шасьцёра актывістаў грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” накіравалі скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну сталіцы. Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Павал Юхневіч, Ірына Пятрова, Паліна Курьяновіч, Паліна Дзякава і Юля Глушыцкая прыводзяць факты затрыманьня і зьбіцьця іх падчас правядзеньня дэмакратычных акцый 8-га і 16-га лютага. Актывісты зьвяртаюць увагу на парушэньне іх канстытуцыйнага права на свабоду мірных сходаў, парушэньне забароны на катаваньні, жорсткае і прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжаньне.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

1 лютага суд Менскага раёну абвінаваціў прызыўніка Івана Міхайлава ва ўхіленьні ад службы і прысудзіў да трох месяцаў арышту. Між тым вернік з рэлігійных перакананьняў адмовіўся праходзіць тэрміновую вайсковую службу і дамагаўся, каб яму прызначылі грамадзянскую службу. Яму адмовілі ў службе ў рэзэрве.15 сьнежня 2009 году Іван Міхайлаў быў арыштаваны і зьмешчаны ў сьледчы ізалятар у Жодзіне. У суд Менскага раёну дастаўляўся пад канвоем, у кайданках. Сузаснавальнік Партыі БХД Аляксей Шэйн заявіў, што такі прысуд Івану Міхайлаву – гэта “грубае парушэньня закону пра свабоду веравызнаньня”. 

11 лютага судзьдзя Савецкага райсуду Гомеля Алена Дзічкоўская пакарала прызыўніка Яўгена Якавенку штрафам у памеры 5 б.в. (175 тыс. руб) на падставе пратаколу гарадзкога ваенкамату. Яго абвінавацілі ў адхіленьні ад вайсковай службы, між тым прызыўнік адмаўляецца служыць у войску дзеля рэлігійных перакананняў. 2 лютага ён ужо ў трэці раз накіраваў у адпаведныя дзяржаўныя структуры просьбу даць яму магчымасць прайсці альтэрнатыўную службу, але адказу так і не атрымаў. 

26 лютага судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Алена Шылько паводле пазову камітэту аховы прыроды Менгарвыканкаму аштрафавала царкву “Новае жыцьцё”. Згодна з пастановай суду, царква павінна кампенсаваць нібыта нанесеную ёю шкоду навакольнаму асяродзьдзю у памеры 263 мільёны рублёў, а таксама заплаціць за гэта штраф 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў. Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін адзначае, што камітэт аховы прыроды Менгарвыканкаму бяз ведама царквы і бяз сьведак зрабіў пробы грунту на прылеглай да яе будынку тэрыторыі. Аналіз паказаў падвышанае ўтрыманьне нафтапрадуктаў. Довады С.Луканіна, што да набыцьця царквой будынка былога кароўніка побач знаходзілася несанкцыянаваная гарадзкая сьметніца, у тым ліку старых аўтамабіляў, судзьдзя таксама ня ўзяла пад увагу. Царква ня ў стане выплаціць такі вялізарны штраф.

  1. Сьмяротнае пакараньне

У Беларусі застаецца актуальнай праблема існаваньня сьмяротнага пакараньня. 22 лютага ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ адбылося запланаванае першае паседжаньне працоўнай групы па праблеме сьмяротнага пакараньня. Па словах   кіраўніка групы старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Мікалая Самасейкі, Беларусь будзе шукаць ўласны спосаб вырашэньня пытаньня аб адмене сьмяротнага пакараньня, што прадыктавана геапалітычным становішчам краіны. На паседажньні быў разгледжаны праект плану дзейнасьці працоўнай групы на бліжэйшыя паўгады. За гэты час яны маюць намер правесьці паглыблены аналіз статыстыкі, судовай і правапрымяняльнай практыкі суседніх дзяржаваў – Расеі і Украіны, наведаць месцы пазбаўленьня волі, дзе адбываюць пакараньне асуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня. М.Самасейка паведаміў, што дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць аб правядзеньні ў Менску міжнароднага семінару па тэматыцы ўжываньня сьмяротнай кары з удзелам дэпутатаў ПАРЕ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства