Еўразвяз і Нарвежскі Саюз журналістаў - 18 лістапада выступілі з заявамі адносна сітуацыі вакол недзяржаўных СМІ Беларусі.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Нарвежскі саюз журналістаў, які налічвае каля 9000 сябраў і з'яўляецца сябрам Міжнароднай Федэрацыі Журналістаў, выступіў з асуджэннем уціску, які дзяржава робіць на прыватныя медыя ў Беларусі. "Рашэнне дзяржаўнай кампаніі "Белпошта" спыніць распаўсюд прыватных выданняў у год прэзідэнцкіх выбараў - гэта чарговы сур'ёзны ўдар па свабодзе выказвання ў Беларусі... Нарвежскі саюз журналістаў разглядае рашэнне "Белпошты" як частку цынічнай кампаніі па знішчэнні незалежных галасоў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў", - гаворыцца ў заяве нарвежскіх журналістаў.
Еўразвяз выказаў "сур'ёзную занепакоенасць" рашэннем РУП "Белпошта" не ўключаць у падпісны каталог на першае паўгоддзе 2006 г. газет "Згода", "Народная воля" і "Салiдарнасць", што можа "рэзка абмежаваць" распаўсюд гэтых выданняў.
"Недастатковае захаванне свабоды СМІ і свабоды выказвання ў Беларусі працягвае сур'ёзна непакоіць Еўразвяз", - адзначаецца ў заяве. Яе аўтары нагадваюць, што неаднаразова заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад дыскрымінацыі назалежных СМІ. "Мы вымушаныя з жалем канстатаваць, што сітуацыя ў гэтай галіне працягвае пагаршацца", - гаворыцца ў дакуменце.
Еўразвяз падкрэслівае, што свабода выказвання і свабода СМІ - асноўныя складнікі любога дэмакратычнага грамадства, і заклікае беларускія ўлады "прыняць дапамогу прадстаўніка АБСЕ па свабоде прэсы для паляпшэння сітуацыі".
У заяве гаворыцца, што краіны Еўразвязу заклікаюць беларускія ўлады "адмяніць юрыдычныя і адміністратыўныя захады, які абмяжоўваюць дзе йнасць недзяржаўных СМІ і, як следства, шырокі доступ да гэтых СМІ". Да заявы краін-сябраў ЕЗ далучылася таксама Украіна, - перадаў БелаПАН.