Бабруйск: “Людзі не ведаюць, і ім усё роўна”
У Бабруйску дагэтуль не хапае інфармацыйных матэрыялаў, з якіх жыхары горада маглі б даведацца пра выбары. Яны адсутнічаюць нават у памяшканнях тых навучальных установаў і прадпрыемстваў, дзе будуць месціцца ўчастковыя камісіі і праходзіць галасаванне. Паведамленні пра ход выбарчай кампаніі з’яўляюцца толькі ў газеце гарвыканкама, якая не карыстаецца вялікай папулярнасцю ў насельніцтва.
- Калі я збіраў за сябе подпісы, склалася ўражанне, што пра выбары ведае ўсяго працэнтаў 10 з тых людзей, да якіх я заходзіў. Калі не менш. Інфармацыі пра выбарчую кампанію мала, таму людзі і не ведаюць. Але складанасцяў са зборам подпісаў у мяне не было, паколькі я пайшоў па свайму раёну, дзе мяне ўсе ведаюць, - распавядае сябра мясцовай суполкі БСДП “Грамада” Андрэй Стаселовіч.
Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюза беларускага, таксама адзначае недахоп неабходнай інфармацыі, але мяркуе, што “людзі не ведаюць, і ім усё роўна”. Кавалькоў кажа, што на заводзе ТДіА, дзе ён кіруе незалежным прафсаюзам, пра пачатак выбарчай кампаніі ведае хіба што галоўны ідэолаг.
- Збіраю за сябе подпісы, і ў пераважнай большасці выпадкаў людзі не жадаюць адчыняць дзверы, таму што не ведаюць, пра якія выбары ідзе размова, - распавядае актывістка партыі БХД Таісія Кабанчук.
Прэтэндэнтка ў кандыдаты наракае на тое, што даводзіцца губляць шмат часу на тое, каб тлумачыць што за выбары маюць адбыцца ў хуткім часе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”