viasna on patreon

Вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі завершана (звесткі з рэгіёнаў - абнаўляюцца)

2010 2010-03-09T10:30:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uchkamisii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій могуць палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб'яднанні, а таксама працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам падачы заяў.Як паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік, усяго ў Беларусі будзе ўтворана 6 387 участковых камісій - менавіта столькі створана участкаў для галасавання.279 участковых камісій будзе створана ў розных лячэбна-прафілактычных установах, 48 - у воінскіх часцях.

У адпаведнасці з заканадаўствам у склад участковых камісій можа ўваходзіць ад 5 да 19 чалавек. На практыцы, як правіла, у такія камісіі ўваходзіць ад 5 да 13 чалавек.Участковыя камісіі павінны быць утвораны не пазней за 10 сакавіка.  

 

Бабруйск

Ва ўчастковыя камісіі вылучана 28 прадстаўнікоў дэмсілаў.
Актывісты партыі БХД праявілі найбольшую актыўнасць – яны вылучылі ва ўчастковыя камісіі 20 чалавек. БСДП “Грамада” вылучылі 3 сваіх прадстаўнікоў, а партыя “Справядлівы свет” – 2. Пасля доўгіх ваганняў вырашылі вылучыць 3 чалавекі і сябры Свабоднага прафсаюза.
Паводле яго старшыні Міхаіла Кавалькова, у прафсаюзнікаў на фоне падзеяў гэтай выбарчай кампаніі няма вялікага жадання ў ёй удзельнічаць, але ў камісію ўсё ж такі вырашылі вылучацца.
Сябры Бабруйскай гарадской арганізацыя партыі БНФ прынялі рашэнне не ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, таму не вылучалі сваіх людзей і ва ўчастковыя камісіі таксама.

 

Брэсцкая вобласць

У Брэсцкай вобласці апазіцыйныя партыі вылучылі 75 прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах у мясцовыя саветы, якія пройдуць 25 красавіка.

Як паведаміў старшыня абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі карэспандэнту БелаПАН, іх структура вылучыла 14 актывістаў (з іх 13 — у Брэсце), Партыя БНФ — 28 (19), Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" — 26 (16), Аб'яднаная грамадзянская партыя — 7 (7).

"Фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій - адзін з важных паказчыкаў празрыстасці выбараў. Менавіта тут ідзе падлік галасоў выбаршчыкаў. Як паказалі мінулыя выбарчыя кампаніі, прадстаўнікоў апазіцыйных партый у гэтыя камісіі не ўключаюць. Як будзе на цяперашніх выбарах, мы даведаемся пасля 7 сакавіка", - зазначыў І.Маслоўскі.

 

Баранавічы

У Баранавічах толькі партыі БНФ і БСДГ вылучылі трох сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Ад Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ вылучаны 2 сябры партыі: у склад участковай камісіі № 29 старшыня Баранавіцкай філіі Партыі БНФ Алесь Грыцавец, а ў склад участковай камісіі № 24 – Сяргей Гоўша. Менавіта па гэтай выбарчай акрузе плануе зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты Баранавіцкага гарсавета сябра Партыі БНФ Віктар Мязяк. Прадстаўнік БСДГ Карней Пятровіч шляхам збору подпісаў вылучаны ў склад участковай камісіі № 2 па выбарах дэпутатаў Баранавіцкага гарадскога савета дэпутатаў.

 

Барысаў

Як паведаміў кіраўнік Барысаўскай раённай арганізацыі АГП Міхаіл Васільеў,   5 сакавіка  ў раённую тэрытарыяльную выбарчую камісію будзе перададзены спіс кандыдатаў у сябры ўчастковых выбарчых камісій, вылучаных партыйнай арганізацыяй АГП. У спісе 27 чалавек.

Усяго на тэрыторыі Барысаўскага раёна ўтворана 120 участкаў для галасавання па выбарах  дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання.

 

Гародня

Гарадзенскія аддзяленні дэмакратычных партый вылучаюць на мясцовых выбарах сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Партыя БНФ, якая плануе вылучаць чатырох кандыдатаў у дэпутаты гарадскога Савету, вылучыла 16 чалавек у склад участковых выбарчых камісій. Партыя АГП прапануе для ўключэння ў камісіі дадзенага ўзроўню 23 чалавекі. Партыя БСДГ вылучыла па Гародні 4 чалавекі, яшчэ некалькі асобаў ад гэтай партыі будуць вылучацца ва ўчастковыя камісіі шляхам збору подпісаў. Усе гэтыя партыі вылучаюць сваіх прадстаўнікоў з разлікам на тыя акругі, дзе плануюць балатавацца іх кандыдаты.

 

Гомельшчына

Гомельская кааліцыя АДС вылучае каля 200 чалавек для ўдзелу ў працы ўчастковых выбарчых камісіях

Партыя левых «Справядлівы свет» вылучае ва ўчастковыя камісіі больша за 100 чалавек, з якіх у прыватнасці 31 чалавек — у Гомелі, 15 — у Жлобіне, 12 — у Рэчыцы.АГП вылучае больш за 90 чалавек ва ўчастковыя камісіі, з якіх 65 чалавек — у Гомелі. Партыйцы плануюць прыняць удзел у працы менавіта тых камісій, на участках якіх будуць балатавацца сябры АГП.Такія лічбы былі агучаны на прэсавай канферэнцыі сябраў кааліцыі, Руху «За свабоду» і патэнцыйных кандыдатаў ад дэмакратаў. Прытым кааліцыя АДС пакідае за сабой права зняць сваіх кандыдатаў у выніку неўключэння ў склад камісій прапанаваных кандыдатур. Як падкрэсліў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, верагоднасць зняцця кандыдатаў вельмі высокая, бо досвед паказвае, што калі некага прапускаюць у акруговыя камісіі, то ва ўчастковыя вельмі рэдка.Ад АГП у вобласці маюць намер прыняць удзел у выбарах у якасці кандыдатаў у дэпутаты каля 40 чалавек. 28 лютага саветам абласной арганізацыі АГП у абласны Савет па Рошчынскай акрузе №5 быў вылучаны сябра партыі Аляксандр Каротчанка, які 1 сакавіка прадставіў дакументы для рэгістрацыі ў камісію.  Кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савету па Моладзевай акрузе №30 вылучаны Ігар Случак.

 

Свіслач

У Свіслачы (Гарадзенская вобласць) партыя БСДГ вылучыла ва ўчастковыя камісіі 4 сваіх прадстаўнікоў. Яшчэ трое грамадска-палітычных актывістаў вылучыліся ў гэтым раённым цэнтры шляхам збору подпісаў і падавання адпаведных заяваў.

 

Слонім

Грамадска-палітычныя актывісты Слоніма выявілі значную актыўнасць у працэсе вылучэння прэтэндэнтаў ва ўчасковыя выбарчыя камісіі. Так, шляхам збору подпісаў і падавання адпаведных заяваў у выканкамы ў рэгіёне вылучана 26 чалавек. Як паведаміў сябра Партыі БНФ Іван Шэга, у некаторыя ўчастковыя выбарчыя камісіі вылучана і па два чалавекі.

 

Астравец

Як паведаміў актывіст АГП з Астраўца Іван Крук, мясцовая першасная суполка гэтай партыі вылучыла ў склад участковых выбарчых камісій двух сваіх прадстаўнікоў. Яшчэ двух чалавек мясцовая арганізацыя АГП плануе вылучыць у апошні дзень шляхам збору подпісаў і падавання адпаведных заяваў. 

 

Орша

Завершыўся чарговы этап выбарчай кампаніі - вылучэнне палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі прадстаўнікоў у склад участковых камісій. У Оршы практычна ўсе дэмакратычныя палітычныя партыі вылучылі сваіх актывістаў у склад камісій. Больш за ўсіх (10 чалавек) вылучыла партыя “Справядлівы свет”. Па тры сваіх прадстаўнікі накіравалі Партыя БНФ і аргкамітэт БХД. Пратаколы на вылучэнне 2-х сяброў накіравала ў Аршанскі гарвыканкам мясцовая арганізацыя АГП. Столькі ж вылучана ад мясцовага аддзялення Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Як паказвае аналіз, прадстаўнікі апазіцыйных партый вылучаюцца там, дзе плануюць рэгістравацца іх калегі кандыдатамі ў дэпутаты.

Першай пратаколы свайго пленума ў Аршанскі гарадскі і раённы выканкамы накіравала партыя левых "Справядлівы свет".У адпаведнасці з пратаколамі, у Оршы прадстаўнікі левых размеркаваліся наступным чынам: Мікалай Дземідаў вылучаецца ў склад участковай камісіі №4, Вольга Шаўрова - ва ўчастковую камісію № 6, Міхась Барада - ва ўчастковую камісію № 29, Валер Даненкаў - ва ўчастковую камісію № 37, Сяргей Удавічэнка  - ва ўчастковую камісію № 38, Тамара Арцёменка  прэтэндуе на ўключэнне ў камісію ўчастку № 44, а Анатоль Арцюшкевіч - у камісію ўчастку № 55.Трое сябраў "Справядлівага свету" вылучаны ў склад участковых камісій у Аршанскім раёне. Уладзімір Баршчэўскі - у склад камісіі ўчастку № 2, Фадзей Шамараў - у камісію ўчастку № 30, Уладзімір Траян - на ўчастак № 33.

Выяўляюць традыцыйную актыўнасць і праўладныя арганізацыі. Як паведамілі карэспандэнту кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у гарадскім камітэце БРСМ, гэтая арганізацыя вылучыла шмат сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі. Дакладнаую колькасць, зрэшты, назваць не змаглі.

Рашэнне аб фармаванні ўчастковых камісій павінна быць прынята 10 сакавіка на паседжанні Аршанскага гарвыканкама.

 

Верхнядзвінск

16 чалавек вылучаны ва ўчастковыя камісіі ад недзяржаўных грамадскіх арганізацый на Верхнядзвіншчыне. У выпадку абрання іх сябрамі камісій праца іх мае быць нялёгкай. Па Верхнядзвінску і Верхнядзвінскаму раёну канкурэнцыю ўладным кандыдатам у выпадку рэгістрацыі складуць пяцёра прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” і трое грамадскіх актывістаў, вылучаных шляхам збору подпісаў. Аднак змаганне за дэпутатскі мандат не абяцае быць для іх лёгкім. Ужо цяпер вядома, што верхнядзвінскія ўлады вылучаюць па два свае кандыдаты на кожную акругу, дзе збіраюцца балатавацца прадстаўнікі апазіцыі.

 

Салігорск

Перадвыбарчыя штабы кандыдатаў у кандыдаты знаходзяцца на завяршальным этапе збору подпісаў. Хутка стане вядома, хто з 49 прэтэндэнтаў змог сабраць дастатковую колькасьць подпісаў і колькі кандыдатаў было вылучана ад палітычных партыяў і працоўных калектываў.

Адначасова ідзе вылучэнне прэтэндэнтаў у склад участковых камісіяў. Найбольш грунтоўна падыйшла да гэтага каманда Аляксея Валабуева (вылучаецца шляхам збору подпісаў). У пятніцу адразу чацьвёра сябраў яго каманды падалі неабходныя дакументы на рэгістрацыю сябрамі камісіі. Сам прэтэндэнт у кандыдаты накіраваў у выканкам адмысловы зварот, дзе выказаў спадзеў, што хаця б адзін з гэтых вылучэнцаў будзе зарэгістраваны, што будзе спрыяць празрыстасці выбарчага працэса. Павал Батуеў, Іван Шыла і яго бацькі, Уладзімір і Святлана, вылучыліся шляхам збору подпісаў. На іх думку, чыноўнікам будзе няпроста не зарэгістраваць адразу чатырох прадстаўнікоў каманды незалежнага прэтэндэнта ў кандыдаты.

Спадзяюцца пабачыць сваіх прадстаўнікоў у складе камісій і ў штабе Алега Філені. Ягоны паплечнік Мікалай Шаравар таксама падаў заяву групы выбарцаў, якія падтрымалі яго кандыдатуру.

Не вылучаюць прэтэндэнтаў ва ўчастковыя каміісіі незалежныя прафсаюзы і апазіцыйная партыя “Справядлівы свет”.

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства