viasna on patreon

Прэтэндэнты ў кандыдаты падаюць подпісы выбаршчыкаў у камісіі (абнаўляецца)

2010 2010-03-07T07:01:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/podpisy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебшчына

У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Віцебскай вобласці да цяперашняга часу паступіла 1 646 пакетаў дакументаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. У цэлым па вобласці на выбарах у мясцовыя Саветы ўсіх узроўняў будзе абрана 3 530 дэпутатаў.   

Працоўныя калектывы Віцебшчыны, партыі і грамадзяне шляхам збору подпісаў ужо вылучылі 1 603 прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты. Амаль палова з іх - 758 ці 47,3% - жанчыны.

Шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў вылучыліся 828 чалавек, працоўныя калектывы дэлегавалі ў кандыдаты 808 чалавек, а партыі - 10. Сярод партыйцаў большасць пакуль ідзе ад КПБ - 8 прэтэндэнтаў.

Калі казаць пра прафесійную прыналежнасць будучых дэпутатаў, то  470 кандыдатаў  працуюць у галіне адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя, 440 - у сельскай гаспадарцы.

Дэпутаты цяперашняга, 25-га склікання, не жадаюць сыходзіць з дэпутацкай абоймы. Яны актыўна вылучаюцца ад працоўных калектываў горада.

Так, на сумесным сходзе супрацоўнікаў СШ № 22 і дзіцячага саду-ясляў №56  Віцебску аднагалосна быў вылучаны дзейсны дэпутат гарадскога Савета,  намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Мамаеў. А калектыў паліклінікі №1 аднагалосна прагаласаваў   за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета рэктара Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Валера Башметава, які ўжо абіраўся ў гэты Савет дэпутатаў у 2007 годзе.

 

Магілёўшчына

У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў паступіў 1 271 пакет дакументаў. Такія лічбы па стану на 3 сакавіка прывяла сакратарка Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Людміла Макаранка.

З яе словаў большасць ініцыятыўных груп вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у сельскія Саветы – 1001, у раённыя Саветы дэпутатаў – 234, у пасялковыя – 22, у гарадскія і гарадах абласнога падпарадкавання – 8, у абласны – 6.

З вылучаных кандыдатаў 89 - грамадзяне ва ўзросце да 30 год, 627 – жанчыны,  384 - прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя, 112 – дзяржслужбоўцы. Пажадалі прыняць удзел у выбарчай эстафеце таксама 8 беспрацоўных і 2 грамадзяніна Расіі.

Нагадаем, што кандыдату ў дэпутаты першаснага ўзроўня (сельскі, пасялковы, гарадскі ў горадзе раённага падпарадкавання) дастаткова сабраць 20 подпісаў, у раённы, гарадскі горада абласнога падпарадкавання – 75, у абласны – 150 подпісаў.

Магілёўскія актывісты аргкамітэта Партыі свабоды і прагрэса ўжо сабралі ўсе подпісы і падалі іх у на праверку ў камісіі. Як адзначыў адзін з лідэраў аргкамітэта ПСП Юрый Стукалаў, усяго аргкамітэтам партыі было вылучана кандыдатамі ў дэпутаты восем чалавек. З іх пяць - у гарсавет, тры – у аблсавет.

“Падчас збору подпісаў, - гаворыць Юры Стукалаў, - ніякіх інцыдэнатаў не было. Усё праходзіла ціха і спакойна. А вось пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп мы сутыкнуліся з ціскам на аднаго з нашых актывістаў. Так наш аднапартыец вымушаны быў змяніць выбарчую акругу, па якой першапачаткова збіраўся балатавацца.”

Юрый адзначае, што гэта было выклікана жаданнем кіраўніка адміністрацыі Кастрычнікага раёна спадара Лебядзева балатавацца ў дэпутаты па той самай акрузе па якой збіраўся балатавацца іх актывіст. Пасля ціску на працы актывіст змяніў раён свайго вылучэнння з Кастрычніцкага на Ленінскі і паспяхова завершыў збор подпісаў.

 

Орша

Працэс збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі ў Оршы набліжаецца да завяршэння.

На сённяшні дзень цалкам сабрана неабходная колькасць подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Аршанскага гарсавета прадстаўнікоў БХД Святланы Малчанавай, якая вылучаецца па акрузе № 9, і Яўгенія Анішчанкі, які вылучаецца на акрузе № 3. Практычна цалкам сабраў подпісы яшчэ адзін прадстаўнік БХД Юры Нагорны, які мае намер вылучацца ў дэпутаты на тэрыторыі горада Барань.

Завяршыў збор подпісаў і сябра Партыі БНФ Аляксандр Камінскі. Ён вылучаецца ў  Аршанскі гарсавет па акрузе № 8.

Утрая больш неабходнай колькасці ўжо сабраў кіраўнік мясцовага аддзялення БХК Васіль Бераснеў, які мае намер вылучацца ў дэпутаты Андрэеўшчынскага сельсавета ў Аршанскім раёне.

Як ужо паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, партыя “Справядлівы свет” прыняла рашэнне вылучыць сваіх кандыдатаў не шляхам збору подпісаў, а рашэннем партыйных структур. Аршанская ж арганізацыя АГП наогул прыняла рашэнне не вылучаць сваіх актывістаў кандыдатамі ў сувязі з неўключэннем прадстаўнікоў апазіцыі ў тэрытарыяльныя камісіі.

Пакуль ні адзін з будучых кандыдатаў у Оршы - як праўладных, так і апазіцыйных, не скарыстаўся сваім правам арганізацыі пікету для збору подпісаў.

 

 

Рагачоў

У Рагачоўскім раёне ў выбарчую камісію пададзены дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты 70-гадовай пенсіянеркі Фёклы Паўлюковай. Яе кандыдатура вылучана ў Гадзілавіцкі сельскі Савет шляхам збору подпісаў. Жанчына ў сваім паважным узросце сапраўды з’яўляецца актыўным жыхаром вёскі Гадзілавічы.

Хоць вылучэнне кандыдатаў вядзецца да 15 сакавіка, ініцыятыўная група Паўлюковай зрабіла гэта датэрмінова. Фёкла Ціханаўна з’яўляецца сябрам партыі “Справядлівы свет”. Гаворыць Людміла Кабылянец, якая каардынуе ў раёне выбарчую кампанію сярод сябраў партыі:

– За вылучэнне Фёклы Ціханаўны ў выбарчую камісію пададзена 25 подпісаў мясцовых жыхароў, і іншыя неабходныя дакументы. Цяпер чакаем рашэння камісіі аб яе рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Гэта адзіная кандыдатура з нашай партыі, якая вылучалася ў раёне шляхам збору подпісаў.

Нагадаем, што для вылучэння кандыдатам у сельскі Савет трэба сабраць не меней 20 подпісаў выбаршчыкаў, якія жывуць на тэрыторыі той выбарчай акругі, дзе вылучаецца прэтэндэнт. Пасля атрымання дакументаў выбарчая камісія праводзіць праверку адпаведнасці парадку вылучэння кандыдата патрабаванням Выбарчага кодэкса. На праверку адводзіцца перыяд з дня падачы дакументаў да дня рэгістрацыі.

Сама рэгістрацыя будзе праводзіцца з 16 да 26 сакавіка. Такі тэрмін вызначаны “Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 26 склікання”, які зацверджаны Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства