Збор подпісаў у студэнцкіх інтэрнатах – пад забаронай
Сябры ініцыятыўных групаў з розных рэгіёнаў паведамляюць пра забароны на збор подпісаў у інтэрнатах навучальных установаў, якія знаходзяцца на тэрыторыях выбарчых акругаў, па якіх вылучаюцца іх кандыдаты.
Гомель
Сябрам ініцыятыўнай групы аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты не дазволілі збіраць подпісы ў інтэрнаце №4 Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Ф.Скарыны. Адзін з іх, актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Андрэй Аксёнаў звярнуўся з гэтай нагоды да прарэктара ўніверсітэта Сяргея Ханені.
Па словах Аксёнава, Ханеня прапанаваў напісаць пісьмовы зварот на імя рэктара універсітэта Аляксандра Рагачова, і па выніках звароту дачакацца адказу ў адпаведнасці з заканадаўствам.
- У рашэнні гарвыканкама пра месцы, дзе забаронена праводзіць пікеты па збору подпісаў, няма такога абмежавання як тэрыторыі інтэрнатаў універсітэтаў. Інтэрнат размешчаны на тэрыторыі акругі - чаму там нельга збіраць подпісы? Мы ж не прасілі дазволу ісці па пакоях, а мелі намер правесці збор подпісаў, напырклад, у холе інтэрнату», - пракаментаваў Аксёнаў.
Актывіст таксама звярнуўся за тлумачэннямі ў гарадскую выбарчую камісію.
Тым часам адміністрацыя вну, матывуючы адмову ў наведванні інтэрнатаў з мэтай збору подпісаў, спасылаецца на пастановы аб унутраным распарадку ў інтэрнатах, а таксама тлумачэнні Цэнтральнай камісіі да Выбарчага кодэксу.
Магілёў
Прэтэндэнт у кандыдаты ад БСДП (Г) Леанід Падбярэцкі звярнуўся да рэктара МДУ імя Куляшова спадара Бандарэнкі з просьбай дазволіць яму збор подпісаў у студэнцкім інтэрнаце №1.
“Сёння я сустрэўся з прарэктарам па выхаваўчай працы ўніверсітэта імя Куляшова Ўладзімерам Ясевым, - гаворыць Леанід Падбярэцкі, - і выказаў жаданне збіраць подпісы ў студэнцкім інтэрнаце ўніверсітэта №1. Прарэктар сказаў, што дзеля гэтага неабходна напісаць заяву на імя рэктара ўніверсітэта спадара Бандарэнкі. Пасля гэтага ён разгледзіць маю просьбу і заўтра а 9-00 дасць адказ – дазволіць альбо не. Я зрабіў тое, што прапанаваў мне прарэктар і з нецярпеннем чакаю адказу. Хоць я мог і не ісці такім шляхам, а адразу падаць скаргу ў выбарчаю камісію і пракуратуру”, - адзначае прэтэндэнт.
Нагадаем, што ўчора Леаніда Падбярэцкага не пусцілі ў інтэрнат №1 Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова для збору подпісаў. Выхавальніца інтэрната Вольга Дзедавец каментавала сваё нежаданне пускаць прэтэндэнта ў кандыдаты тым, што збор подпісаў неабходна ўзгадніць з прарэктарам па выхаваўчай працы ўніверсітэта Ўладзімерам Ясевым.
Салігорск
1 сакавіка на паседжанні раённай выбарчай камісіі скарга сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнні незалежнага кандыдата Аляксея Валабуева на дзеянні адміністрацыі Салігорскага горнахімічнага тэхнікума прызнана неабгрунтаванай.
Па сцверджаннях адміністрацыі навучальнай установы, сябраў ініцыятыўнай групы не пусцілі ў памяшканне, каб перадухіліць незаконны збор подпісаў у непаўнагадовых навучэнцаў, якія таксама жывуць у інтэрнаце. Да таго ж, прадстаўнікі адміністрацыі зазначылі, што зборшчыкі подпісаў мусяць кіравацца правіламі ўнутранага распарадку, якія наогул не рэгулююць пытанне знаходжання ў інтэрнаце асобаў, якія там не пражываюць, апроч бацькоў навучэнцаў.
На думку старшыні выбарчай камісіі сп. Якімовіча, інтэрнат трэба наогул кваліфікаваць як установу адукацыі і падвесці тым самым пад забароны, прынятыя рашэнем выканкама. Зыходзячы са сваіх меркаванняў, старшыня прапанаваў вынесці ініцыятыўнай групе папярэджанне за парушэнне правілаў збору подпісаў - “каб надалей звароты не пісалі, бо пазачарговыя паседжанні напружваюць сябраў камісіі”.
Аднак, пасля выступу прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы прапанова Якімовіча не была падтрыманая і камісія проста прызнала прэтэнзіі сябраў ініцыятыўнай групы неабгрунтаванымі.
У перадвыбарчым штабе Аляксея Валабуева зазначылі, што пасля атрымання копіі рашэння яно будзе абскарджана ў вышэйстаячыя інстанцыі, падкрэсліўшы пры гэтым, што сітуацыя з інтэрнатам - справа прынцыпу, бо патрэбныя для вылучэння подпісы даўно сабраныя.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”