viasna on patreon

Саюз беларускіх пісьменьнікаў не здаецца

2010 2010-02-12T15:34:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

78 сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якія працуюць у бюджэтных установах, апынуліся перад пагрозай беспрацоўя. Адміністрацыя паставіла перад імі катэгарычную ўмову: калі ня будзе заявы аб выхадзе з СБП, давядзецца пісаць заяву аб звальненьні. Падобная ўмова пастаўленая і перад пісьменьнікам, дацэнтам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Анатолем Астапенкам.

Скобла: «Хто канкрэтна і ў якой форме ажыцьцяўляе ўціск на вас у БНТУ?»

Астапенка: «Загадчыка маёй катэдры Ўладзімера Ніфагіна выклікалі ў дэканат і паведамілі, што дацэнт Анатоль Астапенка павінен звольніцца. Без тлумачэньняў. І калі я стаў дапытвацца, па якой прычыне мушу ні з таго, ні зь сяго звальняцца ды ісьці на вуліцу, загадчык сказаў, што гэта зьвязана зь нейкай палітыкай. Зь якой палітыкай — я так і не зразумеў. Маўляў — уключыш інтэрнэт, а там пра Астапенку можна прачытаць шмат чаго, у прыватнасьці, што я — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, які, па словах загадчыка, зьяўляецца „альтэрнатыўным“. Карацей кажучы, да згоды мы з загадчыкам не прыйшлі. Літаральна праз гадзіну прыйшоў дэкан і ў больш жорсткай форме пачаў патрабаваць ад мяне пісаць заяву аб звальненьні. Я таксама папрасіў даць тлумачэньні. „Нам так сказалі.“ — ухіліўся ад адказу дэкан. — „А хто сказаў?“ — „Ты сам ведаеш, хто“. Размова з дэканам таксама закончылася безвынікова. Але неўзабаве мяне зноў выклікаў загадчык кафедры, бо прыйшоў прарэктар Гусеў і стаў мне гаварыць тое самае. Ім абодвум я проста ў вочы сказаў: „Гэта проста беззаконьне і дзікунства“. Убачыўшы, што я цьвёрда стаю на сваім і ня буду пісаць аніякіх заяваў, прарэктар сказаў: „Тады мы вам не дадзім гадзінаў“. Размова ізноў закончылася тупіком, я проста ўзяў і выйшаў. Уціск на мяне працягваўся ўвесь мінулы тыдзень. Загадчык кафедры літаральна прасіў напісаць заяву, бо, па яго словах, калі не мяне, то звольняць яго. Ідзе незразумелы ўціск нават на загадчыка, які адпрацаваў у БНТУ больш за дваццаць гадоў, чалавека перадпэнсійнага веку».

Скобла: «Што вы думаеце рабіць у гэтай сытуацыі?»

Астапенка: «Я, вядома ж, буду адстойваць свае правы. У нас мала што зьмянілася з савецкіх часоў, у нас засталася тая ж рабская псыхалёгія, тая ж сыстэма халуйства, зь якою трэба змагацца. Калі ня мы, дык хто? Інакш мы ўсе загінем».

Скобла: «Вас спрабуюць звольніць з БНТУ. Падобнае, як гаворыцца ў адмысловай заяве Рады СБП, назіраецца ў самых розных дзяржаўных установах — у рэдакцыйна-выдавецкай установе „Літаратура і мастацтва“, у Нацыянальнай Акадэміі навук, у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, у рэдакцыях абласных і раённых газэтаў, у музэях і школах. Каля 80 чалавек, вашых калегаў па СБП, апынуліся перад пагрозай звальненьня. Што вы ім параіце?»

Астапенка: «Я параю ўсім сваім калегам трымацца і не мяняць сваіх перакананьняў. Трымайцеся, людзі, і нікуды не перабягайце. Выйшаўшы з СБП, вы здрадзіце самі сабе. Над вамі спрабуюць чыніць бяспраўны суд вашыя начальнікі. Але ёсьць найвышэйшая справядлівасьць, якая выказаная ў Божых запаведзях. Адна зь іх гаворыць нам: «Не хлусі».

Скобла: «Хто можа стаяць за гэтай брутальнай атакай на пісьменьнікаў?»

Астапенка: «Я думаю, што дырыжораў тут можа быць некалькі… Уціск жа пачаўся даўно, яшчэ тады, калі адбіралі наш будынак на Фрунзэ, 5. А ўся справа ў тым, што Саюз беларускіх пісьменьнікаў адкрыта і неаднойчы, яшчэ калі ў ім старшынявалі Ўладзімер Някляеў і Вольга Іпатава, выказваў сваю пазыцыю адносна антынацыянальнае палітыкі беларускіх уладаў. І гэтая пазыцыя ўладам недаспадобы. Па адным званку ідэалягічныя службы далі гэтак званыя „арыенціроўкі“ па ўсіх дзяржаўных структурах, па ВНУ. Тая сыстэма, якая склалася са сталінскіх часоў, — сыстэма страху і халуйства — яна ня зьнікла, а яшчэ больш узмацнілася. І таму яна вельмі лёгка сёньня спрацоўвае».
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства