У Віцебску з'яўляецца рэклама пра выбары
Ідзе другі месяц з моманту абвяшчэння выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць шостага склікання. У гарадскіх і абласных дзяржаўных выданнях з'явіліся пастаянныя маляўнічыя рубрыкі, дзе ўвесь час друкуецца інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі ў Віцебску і вобласці.
На вуліцах у шматлюдных месцах пачала з'яўляцца вонкавая рэклама, якая паведамляе гараджанам пра маючыя адбыцца выбары. Галоўным чынам, гэта шчыты "савецкага тыпу" розных памераў з аднатыпнай інфармацыяй пра тое, што ў нядзелю 25 красавіка 2010 году адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы. Іх афармленне залежыць ад фантазіі мастакоў, мяркуючы па ўсім, але ў большасці сваёй гэта "афіцыйна вытрыманыя" плакаты. Усе надпісы выкананы на рускай мове, і толькі за рэдкім выключэннем сустракаюцца беларускамоўныя.
З агульнага шэрагу выбіваецца інфармацыя пра выбары на вялікіх экранах, што свецяцца на цэнтральных гарадскіх плошчах - Перамогі і Свабоды. І гэты спосаб паведамлення пра прызначаныя на красавік выбары, безумоўна, мае сваю перавагу. Такая рэклама дынамічная, кідаецца ў вочы патэнцыйным выбаршчыкам і, прынамсі, лепш адкладаецца ў падсвядомасці электарата.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"