У Сьветлагорску на Гомельшчыне акцыя “Дзень салідарнасьці” прайшла на Цэнтральнай плошчы.
Сьветлагорская раённая рада ТБМ паведаміла, што 16 лістапада ў Сьветлагорску (Гомельская вобласьць) акцыя “Дзень салідарнасьці” прайшла на Цэнтральнай плошчы.
Не меней 30 чалавек – у асноўным моладзь – сабраліся на Цэнтральнай плошчы, ў 20 гадзінаў разгарнуліся ў лінію і запалілі сьвечы. Акцыя праходзіла перад будынкамі мясцовага райвыканкаму і аддзелу міліцыі. Першыя 5 хвілінаў удзельнікі акцыі моўчкі стаялі тварам да будынкаў улады, затым павернуліся да іх сьпіной.
На меркаваньне удзельнікаў акцыі, ва многім прычынай выхаду на плошчу сталі падзеі апошніх дзён у горадзе – дагляд міліцыяй кватэры Вадзіма Богдана (актывіста мясцовага моладзевага руху) і выклікі Вадзіма ў міліцыю. “Пра гэта мы даведаліся з прэсы. Калі мясцовыя ўлады будуць узмацняць рэпрэсіі - рэвалюцыя пачнецца са Сьветлагорску” – сказаў адзін з прысутных.
Акцыя доўжылася 15 хвілінаў. Напрыканцы ўдзельнікі арганізавана пакінулі са сьвечкамі плошчу, арганізатары падзяквалі ўсім за удзел і разыйшліся. Міліцыя назірала за тым, што адбывалася, але ў падзею не ўмяшалася.
У акцыі на плошчы ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі Партыі БНФ, КПБ, грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” і ТБМ. Жыхары многіх кватэраў у 20 гадзінаў адключылі электрычнае асьвятленьне і на 15 хвілінаў запалілі сьвечы ў вокнах.