Суд па скарзе БАЖ да Мінюста прызначаны на 17 сакавіка
Вярхоўны суд пачне разглядаць скаргу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на папярэджанне Міністэрства юстыцыі 17 сакавіка ў 10.00. Дату пачатку слуханняў прызначылі на першай сустрэчы бакоў у судзе 25 лютага. Справу вядзе суддзя Вярхоўнага Суда Анатоль Церах.
Ад БАЖ на сустрэчы прысутнічалі старшыня арганізацыі Жанна Літвіна, намеснік старшыні Андрэй Бастунец і кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў. Мінюст прадстаўляў галоўны спецыяліст упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Аляксандр Харытон.
«Адбылася папярэдняя размова ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбору, — патлумачыў прэс-службе БАЖ Андрэй Бастунец. — Суддзя ўдакладніў пазіцыі бакоў і высветліў, што яны не змяніліся: Мінюст настойвае на тым, што папярэджанне вынесена законна, а БАЖ лічыць, што загад міністэрства не мае пад сабой прававой асновы, і настойвае на яго адмене».
Суддзя папрасіў бакі 17 сакавіка прадаставіць дадатковыя дакументы для абгрунтавання сваіх пазіцый. У прыватнасці, ён пагадзіўся, што Мінюст мае ўдакладніць, у чым, на яго думку, дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ парушае Статут арганізацыі і якая менавіта інфармацыя на сайце БАЖ пра мэты і задачы арганізацыі не адпавядае заяўленым у Статуце».
Чакаецца, што 17 сакавіка ў суд будзе выкліканы ў якасці сведкі сябра ГА «БАЖ» Аляксандр Дзянісаў, які быў затрыманы ў лістападзе 2009 года на шклозаводзе «Нёман» пры «ажыццяўленні відэарэпартажу». Паводле папярэджання Мінюста, менавіта прад’яўленае ім пасведчанне сябра БАЖ прывяло міністэрства да высновы пра «неабгрунтаванае прысваенне членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі…»
Па словах суддзі, слуханні 17 сакавіка будуць адкрытымі.
(Адрас Вярхоўнага суда - г. Мінск, вул Леніна, 28.)
Загад намесніка міністра юстыцыі аб вынясенні ГА «БАЖ» пісьмовага папярэджання з’явіўся 13 студзеня. Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да ГА «БАЖ».
Па-першае, Мінюст лічыць, што на пасведчанні ГА «БАЖ» нібыта неправамерна змешчаны надпісы «Прэса» і «Press», у той час як БАЖ не з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі. Міністэрства спасылалася на інцыдэнт з затрыманнем на шклозаводзе «Нёман» журналіста А. Дзянісава, які ў лістападзе 2009 г. «ажыццяўляў відэарэпартаж» на тэрыторыі завода, пры гэтым «прадставіўся як журналіст і прад’явіў пасведчанне ГА „БАЖ“… Такія ж пасведчанні выдадзены і іншым членам ГА „БАЖ“», — падкрэслівае Мінюст. Міністэрства ўпэўненае, што такім чынам арганізацыя парушыла закон «Аб СМІ», а гэтыя дзеянні прывялі да «неабгрунтаванага прысваення членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі…»
Акрамя таго, Мінюст лічыць, што дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» «не прадугледжана статутам» арганізацыі. «Больш за тое, задачы дадзенага фарміравання, выкладзеныя ў палажэнні аб ім, выходзяць за межы статутных задач ГА „БАЖ“», — даводзіць Мінюст.
«Апрача пералічанага, на сайце змешчана інфармацыя аб мэтах дзейнасці ГА „БАЖ“, якія не адпавядаюць статутным», — заканчвае пералік сваіх прэтэнзій Мінюст.
Міністэрства абавязвала кіраўніцтва БАЖ на працягу месяца забраць усе выдадзеныя раней пасведчанні згаданага ўзору і «забяспечыць… далейшую немагчымасць карыстання імі»; ліквідаваць астатнія «парушэнні» і «выпрацаваць меры, накіраваныя на недапушчэнне ў далейшым парушэнняў патрабаванняў заканадаўства і статута арганізацыі», а таксама «прадаставіць Міністэрству юстыцыі доказы выканання пералічаных вышэй патрабаванняў».
11 лютага ГА «БАЖ» накіравала ў Вярхоўны суд скаргу на папярэджанне, абгрунтаваўшы сваю пазіцыю па кожным з пунктаў.
Што пагражае БАЖ? Юрыдычная даведка
Паводле арт. 28 закона «Аб грамадскіх аб’яднаннях», дзейнасць грамадскага аб’яднання (далей ГА), якое атрымала пісьмовае папярэджанне, можа быць прыпынена на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў рашэннем суда (у дадзеным выпадку Вярхоўнага) па заяве рэгіструючага органа (у дадзеным выпадку — Мінюста), калі ў вызначаны тэрмін (у дадзеным выпадку — 1 мес.) ГА не выправіла парушэнняў, што сталі падставай для папярэджання, альбо калі ГА не паведаміла рэгіструючаму органу пра выпраўленне парушэнняў з прадастаўленнем дакументаў, што пацвярджаюць гэта.
Рэгіструючы орган (тут — Мінюст) мае права падаць у суд заяву аб прыпыненні дзейнасці ГА, калі пісьмовае папярэджанне ў вызначаным парадку не было абскарджана ў суд, альбо калі суд прызнаў яго абгрунтаваным.
Паводле арт. 29 таго ж закона, ліквідавана грамадскае аб’яднанне па рашэнні суда можа быць, калі яно, у прыватнасці:
- ажыццявіла дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці;
- парушыла заканадаўства і (альбо) свае дакументы аб заснаванні цягам 1 года пасля вынясення пісьмовага папярэджання;
- не выправіла парушэнняў, якія сталіся падставай для прыпынення дзейнасці, у вызначаны судом тэрмін і інш.
Мінюст вынес БАЖ афіцыйнае папярэджанне
(КОПІЯ ДАКУМЕНТА, ДАДАЛОСЯ ВІДЭА)
БАЖ абскарджвае папярэджанне Мінюста