Барысаў: назіральніку адмовілі ў рэгістрацыі
Сёння, 24 лютага, праваабаронца Алег Мацкевіч накіраваў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на дзеянні старшыні Барысаўскай раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, намесніка начальніка аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама, Мікалая Зелянкевіча.
Праваабаронца 22 лютага ў адпаведнасці з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь звярнуўся ў камісію з заявай пра рэгістрацыю назіральнікам ад грамадзянаў Барысава шляхам збору подпісаў (13 подпісаў). Старшыня раённай выбарчай камісіі прыняў заяву, зарэгістраваўшы яе ў прысутнасці Алега Мацкевіча. Аднак, 23 лютага, калі праваабаронца прыйшоў у выбаркам для атрымання інфармацыі па выбарах, Мікалай Зелянкевіч адмовіў у прадастаўленні яму якіх-небудзь звестак, матывуючы гэта тым, што Алег Мацкевіч нібыта яшчэ не ўключаны ў склад назіральнікаў.
Праваабаронца, дыпламаваны юрыст, спрабаваў растлумачыць чыноўніку, што для таго, каб назіральніку прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, досыць рэгістрацыі заявы ў журнале выбарчай камісіі. Аднак Зелянкевіч праігнараваў гэтыя довады, растлумачыўшы, што заява пра ўключэнне ў склад назіральнікаў павінна быць разгледжана на паседжанні камісіі, якое павінна адбыцца сёння, 24 лютага.
Для вырашэння спрэчнага пытання праваабаронца звярнуўся па тэлефоне ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэферэндуму. Як распавёў А.Мацкевіч, яму адказаў спецыяліст па працы са зваротамі грамадзянаў Аляксандр Піскуноў. Пасля высвятлення акалічнасцяў справы, ён пагадзіўся з тым, што старшыня выбарчай камісіі Мікалай Зелянкевіч перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы і дзейнічаў насуперак нормам выбарчага заканадаўства.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"