Вольф РУБІНЧЫК: “Улада пераступае цераз яўрэйскія праблемы”
Вольф РУБІНЧЫК: “Улада пераступае цераз яўрэйскія праблемы”
Сымбіёз рэлігійнай і грамадскай ролі з’яўляецца характэрнай рысай яўрэйскіх арганізацыяў у сучаснай Беларусі. Нашае заканадаўства выразна размяжоўвае статус аб’яднанняў абодвух накірункаў і таму стрымлівае развіццё як адных, так і другіх.
Яўрэйскія суполкі пачалі паўставаць у Беларусі ў 1988 г. Пад эгідай Савецкага фонду культуры (беларускае аддзяленне) тады было арганізаванае першае Мінскае аб'яднанне яўрэйскай культуры. У незалежнай Беларусі развіццё “яўрэйскага руху” працягваецца. Аднак дынаміка развіцця адмоўная. Праблемаў шмат. Асноўныя – пасіўнасць, эміграцыя і дэмаграфія, прычым дэмаграфічнае пытанне зараз стаіць найбольш востра.
Арганізацыйна ў Беларусі аформіліся дзве вялікія суполкі: Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын (працуе з 1991 г.) і Іудзейскае рэлігійнае аб'яднанне, (ІРА, заснавана ў 1993 г). Саюз трыдыцыйна прадстаўляе “яўрэйскую абшчыну” перад уладамі. ІРА робіць акцэнт на адраджэнне духоўнай і матэрыяльнай спадчыны яўрэйскай нацыянальнай супольнасці.
“Перспектыўным накірункам дзейнасці, мог бы стаць яўрэйска-беларускі дыялог, аднак пакуль што бакі не зусім гатовыя да яго: большасць яўрэяў не размаўляе па-беларуску, а большасць беларусаў мала цікавіцца праблемамі нацыянальных групаў,” – лічыць палітолаг Вольф Рубінчык. Паводле яго, дзейнасць рэлігійных суполкак зараз найбольш спрыяе фармаванню “яўрэйскай свядомасці” унутры супольнасці. Бо сынагогі, не адмаўляючы “свецкіх” каштоўнасцей, як то адукацыя, гісторыя яўрэяў Беларусі і Ізраіля, дабрачыннай дзейнасці, робяць акцэнт на паглыбленні ведаў аб іудаізме. “Яўрэйскія рэлігійныя суполкі больш адкрытыя для кантактаў і меней бюракратызаваныя, чым нерэлігійныя,” – гаворыць палітолаг.
У сваім белаурска-яўрэйскім бюлетэні “Мы яшчэ тут!” ён аналізуе сітуацыю і спрабуе прапанаваць нейкую альтэрнатыву. Бюлетэнь выходзіць па-беларуску і разлічаны, як кажа сам выдавец, на сацыяльна актыўных людзей, якія могуць нешта змяніць на беларускай “яўрэйскай вуліцы”. “Таксама гэта выданне для тых, хто спачувае нашым мэтам. З майго боку гэта спроба абудзіць свядомасць. Яўрэі вельмі пасіўныя. Я і сам сябе не выключаю. Акрамя таго, нас мала засталося,” - на пытанні адказывае палітолаг і перакладчык Вольф РУБІНЧЫК:
- Колькі і якія яўрэйскія арганізацыі зараз дзейнічаюць у Беларусі?
- Працуюць грамадскія і рэлігійныя арганізацыі. Усе яны яўрэйскія. Сярод грамадскіх самая буйная, якая з’яўляецца своеасаблівым “дахам” для астатніх, гэта Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. У яго уваходзяць некалькі дзясяткаў арганізацый культурнага і дабрачыннага кірунку з ўсёй краіны. Паралельна Саюзу працуюць яўрэйскія дабрачынныя фонды. Саюз існуе пад нязменным кіраўніцтвам Леаніда Левіна, які ачольвае яго з 1991 года. Сярод рэлігійных найбуйнейшая – Іудзейскае рэлігійнае аб’яднанне, ім з 1996 г. кіруе Юры Дорн.
На маю думку, кіраўнікам Саюзу варта было б больш цесна супрацоўнічаць з грамадскімі арганізацыямі іншых нацыянальных супольнасцяў, надаваць больш увагі агульнабеларускім праблемам, у тым ліку палітычным. Праз свой малатыражны бюлетэнь я неаднаразова заклікаў на парламенцкіх і мясцовых выбарах падтрымліваць тыя палітычныя сілы, якія неабыякавыя (ў пазітыўным сэнсе) да яўрэйскай тут прысутнасці. Бо атрымліваецца, што ў Парламент трапляюць такія адыёзныя асобы як С. Касцян і г.д.. Варта было б прынамсі нейкую пазіцыю заняць па гэтым пытанні, наладзіць большае узаемадзеянне з беларускімі культурнымі дзеячамі і суполкамі. Падмурак для такога ўзаемадзеяння даволі істотны - ў нас вялікі пласт супольнай культуры, якая дагэтуль застаецца мала даследаваным. Я спрабую ўзнімаць гэтыя пытанні ў сваім бюлетэні, але гэтага не дастаткова.
Без сумнёву, яўрэйскія грамадскія суполкамі працуюць для развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Напрыклад, у 2002 г. пры Мінскім яўрэйскім абшчынным доме адчыніўся Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. Але фактам застаецца тое, што яўрэйскія арганізацыі больш скіраваныя на культурную і дабрачынную дзейнасць. Гэты кірунак працы застаеца асноўным. Але хацелася б большай актыўнасці, каб не замыкацца ў сваіх рамках. Бо зараз у Беларусі ёсць шмат праблемаў, якія вымагаюць вырашэння – разбурэнне могілак, невяртанне сынагогаў, адсутнасць яўрэйскіх школаў...
Яшчэ адна праблема - няма нармальнай навуковай базы дзяржава ў ёй мала зацікаўлена. Доказ – закрыццё ў 2004 г. Міжнароднага гуманітарнага інстытута БДУ. У розных гарадах працуюць навукоўцы, якія даследуюць асобныя праблемы. Аднак філасоўскага і гістарычнага асэнсавання, нашай тут прысутнасці на працягу больш чым 600 гадоў пакуль няма. Ёсць намаганні зрабіць падручнік па гісторыі яўрэяў Беларусі. Мая мара – калі-небудзь спрычыніцца да такога выдання.
- Як ідуць справы па-за межамі Мінску?
- Рэгіянальныя суполкі ёсць у Мігалёве, Віцебску, Пінску, Лідзе, Гомелі. Усяго каля 20 гарадоў, дзе яўрэйскія арганізацыі працуюць больш ці менш актыўна. Асабіста мне падабаецца, як яўрэі жывуць у Пінску, – ёсць свая школа, газэта, і яны там не вельмі сварацца. Бо бяда нашых суполак у тым, што чым менш яўрэяў (за 1990-я гады наша колькасць скарацілася ў Беларусі ў чатыры разы), тым больш канфліктаў.
- Як працуюць рэлігіныя аб’яднанні? Якія ў іх стасункі з дзяржавай? Ці зарэгістраваныя яны?
- Вядома. Яны дзейнічаюць, як “малодшыя браты”, бо ўсе ведаюць, якой канфесіі зараз надаецца перавага. Тым не менш, у “Законе аб свабодзе сумлення” запісана, што іудаізм з’яўляецца “традыцыйнай для Беларусі рэлігіяй”. Улады выкарыстоўваюць гэта для прыцягнення турыстаў, арганізоўваюцца паломніцтвы для іудзеяў з Амерыкі, Ізраіля, але асаблівай карысці я ад гэтага не бачу. На мой погляд, дзяржава больш шкодзіць, чым дапамагае. Было шмат абяцанак наконт рэстаўрацыі будынкаў іудзейскіх вышэйшых духоўных вучэльняў у Валожыне, Міры, сынагогаў у Століне, Слоніме, але справа, як правіла, не ідзе далей словаў.
Рэлігійныя яўрэйскія арганізацыі часта выконваюць функцыі грамадскіх. Гэта значыць, што людзі туды прыходзяць не толькі памаліцца, адсвяткаваць святы, але і рэалізаваць сябе ў прыватных зносінах – напрыклад, знайсці сабе жаніха або нявесту. У яўрэяў абшчыннае жыццё шмат стагоддзяў было неаддзельнае ад рэлігіі. Вельмі цяжка падзяліць святы, абрады, культутру. Многія наведнікі рэлігійных абшчынаў уваходзяць у грамадзкія арганізацыі і наадварот. Напрыклад, Якаў Басін кіруе Аб’яднаннем абшчынаў прагрэсіўнага іудаізму, зарэгістраваным як рэлігійнае, і адначасова ўваходзіць у кіраўніцтва Саюзам яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.
- Якія стасункі ў яўрэйскіх грамадскіх арганізацый з дзяржвай?
- Арганізацыі кантралююць – і грамадзскія, і рэлігійныя. З-за гэтага вельмі цяжка нешта змяніць. Прадстаўніком яўрэйскай супольнасці перад дзяржавай амаль заўсёды выступае сп. Левін. Зараз няма яўрэйскіх арганізацый, якія ў той ці іншай ступені не прызнавалі б яго аўтарытэт. Я мяркую, што якасць гэтага прадстаўніцтва пакідае жадаць лепшага. Хоць гістарычна такая роля апраўдана. Традыцыйна ў яўрэяў ёсць прадстаўнік перад дзяржавай.
- А якія стасункі з мясцовымі ўладамі?
- Здараецца, што на “яўрэйскія” мерапрыемствы прыходзяць прадстаўнікі мясцовых выканкамаў, гавораць правільныя словы, часам дапамагаюць адкрыць той ці іншы помнік. Але мяне абурыў выпадак, што адбыўся ў Мазыры. Напрыканцы 2003 году там быў устаноўлены помнік ахвярам Другой сусветнай вайны – камень з шыльдай на месцы згубы вязняў гета, якія спалілі сябе, каб не дацца ў рукі нацыстам. Помнік быў устаноўлены без дазволу выканкаму, па ініцыятыве Якава Гутмана, старшыні Сусветнага згуртавання беларускіх яўрэяў. Напачатку быў усталяваны камень, а пасля да яго была прымацаваная мемарыяльная дошка. Помнік пастаяў некалькі тыдняў. Мясцовы выканкам камень знёс.
Месца самаспалення ў Мазыры ў 2001 г. было афіцыйна вызначана Міністэрствам культуры і унесена ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Самае цынічнае ў гэтай сітуацыі тое, што выканкам абавязаў Якава Гутмана аплаціць працу па знішчэнні помніка.
- Якая дынаміка развіцця яўрэйскай супольнасці ў Беларусі? Ці выязжаюць зараз як раней?
- Працэс не спыніўся. Іншая справа, што калі раней выязджалі тысячы чалавек у год, то цяпер – некалькі соцень. Едуць не толькі ў Ізраіль, але таксама ў Германію, хоць там і больш жорсткія умовы прыёму эмігрантаў, і ў ЗША.
Яўрэйскае насельніцтва – старое, яго сярэдні ўзрост перавышае агульнабеларускі, па некаторых звестках, на чатырох памерлых прыпадае толькі адно нараджэнне. Мяркую, што большую небяспеку для захавання яўрэйскай супольнасці Беларусі ўяўляе не эміграцыя, а менавіта дэмаграфія. Лічбы не на нашу карысць. Берасцейскія навукоўцы Я. Разенблат і І. Яленская зрабілі выснову, што дэмаграфічныя змены, спрычыненыя Халакостам і масавай эміграцыяй, незваротныя. Таму спадзявацца на паўнавартаснае адраджэнне яўрэйскага жыцця ў Беларусі, на жаль, не выпадае.
Тры гады таму я рабіў апытанне на тэму: “Што чакае беларускіх яўрэяў у 2020 годзе?”. Амаль усе каго я апытваў казалі, што яўрэяў тут застанецца каля дзесяці тысяч, большасць з якіх будуць людзі сталага веку. Гэта не тое, да чаго трэба імкнуцца. Але калі пануюць такія настроі, то і яўрэйскае жыццё адпаведнае. Яўрэйскія дзеячы працуюць без імпэту, па інэрцыі.
Я лічу, што калі нам наканавана сысці з гэтай зямлі, то трэба сысці прыстойна. Напрыклад, зусім не абавязкова задавальняць усе дурныя патрабаванні чыноўнікаў, якія часта не заснаваныя на праве. Непрыемна ўражваюць выказванні беларускіх яўрэяў у падтрымку прэзідэнта. Так, сапраўды ў нашай традыцыі ёсць лаяльнасць да ўладаў. Мы - меншасць, і мы павінны паважаць улады, што дарэчы, адпавядае іўдэйскай традыцыі. Бо калі б не было ўлады, было б яшчэ горш. Але ўжо доўгі час стаўленне беларускіх уладаў да яўрэяў не змяняецца да лепшага. Калі з’яўляюцца “войны па законах подласці”, калі разбураюць сінагогі, як у 2001 годзе на Дзімітрава, ці на падмурках Халоднай сынагогі на Нямізе будуюць Паркінг...
Я б не сказаў, што ў дзеяннях уладаў заўсёды выяўляецца запланаваны, мэтаскіраваны антысемітызм. Гэта хутчэй нейкі “асемітызм” - абыякавасць, якая характэрна і для стаўлення да іншых нацыянальных і этнаканфесійных супольнасцяў. Карацей кажучы, цераз нас і нашыя праблемы проста пераступаюць. Хацелася б верыць, што, калі прыйдзе новая ўлада, стаўленне зменіцца ў лепшы бок.
Ядвіга МАЦКЕВІЧ