Не маніце журналістам
За прадастаўленую «Ганцавіцкаму часу» наўмысна скажоную інфармацыю начальніцы аддзела грамадскага харчавання Ганцавіцкага райспажыўтаварыства пагражае штраф. Пра гэта карэспандэнтка «ГЧ» Кацярына Курловіч даведалася з ліста, які атрымала на мінулым тыдні з міліцыі.
У канцы 2009 года Кацярына Курловіч рыхтавала матэрыял пра тое, што ў в. Хатынічы Ганцавіцкага раёна з парушэннямі санітарных норм працягвае працаваць кафэ, нягледзячы на прадпісанне санстанцыі пра яго закрыццё.
Начальніца аддзела грамадскага харчавання Ганцавіцкага райспажыўтаварыства Галіна Каранец запэўніла карэспандэнтку, што ўсе недарэчнасці ўжо ліквідаваныя, санстанцыя пра гэта ведае, і ўстанова працуе на законных падставах.
Аднак у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі зняпраўдзілі гэтую інфармацыю, паведаміўшы газеце, што дазволу на адкыццё кафэ не давалі. Больш за тое — журналістка асабіста пераканалася, што далёка не ўсе парушэнні выпраўленыя — напрыклад, прыбіральні ў гандлёвым прадпрыемстве па-ранейшаму не працавалі.
Карэспандэнтка палічыла, што Г. Каранец як службовая асоба прадаставіла чытачам «ГЧ» заведама непраўдзівую інфармацыю, у той час як паводле заканадаўства грамадзяне маюць права на атрыманне поўнай і праўдзівай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. У сувязі з гэтым Кацярына Курловіч звярнулася ў пракуратуру.
Міліцыя ў часе праверкі ўстанавіла, што ў дзеяннях спн. Каранец угледжваецца склад адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 9.6 КаАП РБ -«Адмова ў прадастаўленні грамадзяніну інфармацыі». («Неазаконная адмова службовай асобы ў прадастаўленні грамадзяніну сабраных ва ўстаноўленым парадку дакументаў і матэрыялаў, якія непасрэдна закранаюць яго правы, свабоды і законныя інтарэсы, альбо прадастаўленне яму няпоўнай альбо наўмысна скажонай інфармацыі — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў».)
Участковы інспектар Ганцавіцкага РАУС малодшы лейтэнант Уладзімір Пічыц пастанавіў адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Г. Каранец, а матэрыялы накіраваць у Ганцавіцкі райвыканкам для прыняцця рашэння аб адміністратыўнай адказнасці.
Цяпер рэдакцыя чакае пасяджэння адміністратыўнай камісіі райвыканкама, на якім будзе прынята рашэнне аб прыцягненні службовай асобы да адказнасці за прадастаўленне наўмысна скажонай інфармацыі карэспандэнту «ГЧ».