Анархісты супраць будаўніцтва АЭС
20 лютага ў Мінску каля кінатэатра "Кастрычнік" прайшоў несанкцыянаваны пікет супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, арганізаваны анархісцкай групай "Антыатамнае супраціўленне".
Перад пачаткам сеанса кінастужкі "Мы з будучыні — 2" перад уваходам у кінатэатр людзі, апранутыя ў чорнае, абвясцілі пра пачатак пікета разваротам двух транспарантаў з надпісамі "Альтэрнатыва ёсць" і "Антыатамнае супраціўленне".
На працягу пяці хвілін пікетчыкі ў святле агнёў піратэхнікі зачытвалі прычыны выступлення анархістаў супраць будаўніцтва АЭС. Ідэнтычны тэкст на ўлётках яны раздалі гледачам. Ва ўлётках, у прыватнасці, гаварылася: "Ядзерная энергетыка не выратуе чалавецтва: яна смяротна небяспечная, дарагая, звязана з распаўсюджаннем ядзернай зброі і не дапамагае прадухіліць змяненне клімату".
Ніхто з удзельнікаў пікета затрыманы не быў, паведамляе БелаПАН.