Каля 17 тыс. ініцыятыўных груп падалі заявы на рэгістрацыю ў акруговыя камісіі Беларусі
Заявы аб рэгістрацыі ў акруговыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў падалі 16 873 ініцыятыўныя групы па вылучэнню кандыдатаў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Паводле яго інфармацыі, з агульнай колькасці заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, што паступілі ў акруговыя камісіі, 334 - ад прадстаўнікоў палітычных партый. Сярод іх лідзіруе Камуністычная партыя Беларусі - 111 заяў, на другім месцы БНФ - 71, на трэцім АГП - 60. Далей ідуць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) - 30, Беларуская аграрная партыя і партыя левых "Справядлівы свет" - па 25, партыя "Зялёных" і партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная "Грамада" - па 3, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя - па 2, Беларуская патрыятычная партыя і Партыя працы і справядлівасці - па 1.
У параўнанні з мінулай выбарчай кампаніяй па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў колькасць жадаючых зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ўзрасла, адзначыў Мікалай Лазавік. Тады было пададзена крыху менш як 16 тыс. заяў пры агульнай колькасці акруг 22 661, цяпер - 16 873 заявы пры колькасці акруг, якая скарацілася да 21 300.
Гэта сведчыць пра ўсё большую папулярнасць такога віду вылучэння кандыдатаў, як збор подпісаў (бо толькі ў гэтым выпадку неабходны ініцыятыўныя групы). "Можна зрабіць выснову, што нават тыя грамадзяне, якія будуць яшчэ вылучацца ад працоўных калектываў ці палітычных партый, вырашылі скарыстацца гэтым спосабам вылучэння - праз збор подпісаў, які, па сутнасці, з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы дае магчымасць кандыдатам пачаць сваю выбарчую кампанію", - сказаў Мікалай Лазавік. Ён растлумачыў, што заканадаўства не забараняе кандыдатам вылучацца адначасова некалькімі спосабамі: асабіста шляхам збору подпісаў, ад працоўнага калектыву або ад палітычнай партыі. Больш таго, сакратар ЦВК назваў гэта добрай тактыкай, бо страхуе кандыдата на выпадак, калі камісія забракуе дакументы па адным з спосабаў вылучэння.
Рэгістрацыя ініцыятыўных груп павінна прайсці на працягу 5 дзён пасля падачы заяў (іх прымалі да 18 лютага ўключна). Як толькі група атрымае адпаведныя дакументы, яна зможа праводзіць пікеты па збору подпісаў. Кандыдату ў савет пярвічнага ўзроўню (сельскі, пасялковы, гарадскі ў горадзе раённага падпарадкавання) дастаткова 20 подпісаў, у раённы, гарадскі горада абласнога падпарадкавання - 75, у абласны і мінскі гарадскі - 150.