Актывістка Марыя Багдановіч давала тлумачэньні ў гомельскай пракуратуры
11 лістапада ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Гомеля была выкліканая апазіцыйная актывістка Марыя Багдановіч, якую затрымалі 7 лістапада на пляцы Леніна падчас правядзеньня афіцыйнага мітынгу з нагоды чарговых угодкаў Кастрычніцкага перавароту за распаўсюд газеты “Товарищ” і ўлётак пра значнае падвышэньне камунальных плацяжоў у Беларусі ў параўнаньні з 2001 годам.
Памочнік пракурора Андрэй Лагуновіч абвясьціў, што ў дачыненьні да яе ўзбуджана адміністрацыйная справа паводле артыкулу 172, часткі 8 – “Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродку масавай інфармацыі”, бо, як ён патлумачыў апазыцыйнай актывістцы, улёткі былі ўкладзены ў сярэдзіну газэты, і пракуратура расцэньвае іх цяпер як незарэгістраваны дадатак.
Адміністрацыйную справу пракуратура накіроўвае ў суд. Спадарыні Багдановіч пагражае штраф у памеры да 255 тысячаў рублёў, паведаміла радыё Свабода.