Сябра незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Паўла Марозава беларускія памежнікі не пусьцілі ва Ўкраіну.
Актывіст “Трэцяга шляху” Павел Марозаў зьяўляецца сьведкам у крымінальнай справе, якую распачалі 16 жніўня КДБ і пракуратура за мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайце арганізацыі (mult.3dway.org). У трох чалавек – Паўла Марозава, Андрэя Абозава і Алега Мініча – супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрусы, забралі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі.
У ноч з 9-га на 10-га лістапада, калі Павал Марозаў на машыне спрабаваў перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу, памежнікі паведамілі, што ягонае прозьвішча знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі.
Аргумэнты Паўла аб тым, што ён мае статус толькі сьведкі ў крымінальнай справе, а не падазраванага, ніяк не паўплывалі на памежнікаў: “Я вымушаны быў праехаць праз Расею гэтым разам. Расейскія памежнікі казалі, што ня бачаць ніякіх юрыдычных падставаў, каб мяне не пускаць. Мы мяркуем, што насамрэч сьледзтва толькі намінальна зрабіла нам статус сьведкаў. Нас лічаць падазраванымі і вядуць з намі справу адпаведна. Мяркуем, што справу не спыняць да канца прэзыдэнцкіх выбараў. Тым ня менш, дзейнасьць “Трэцяга шляху” і "Мультклюбу" ня будзе спынена. У хуткім часе наведвальнікі інтэрнэту змогуць убачыць новыя мультфільмы”.