Партыя "Справядлівы свет" вылучыла 21 кандыдата ў дэпутаты
Кіраўніцтва Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" вырашыла па максімуму выкарыстаць час ад 14 лютага да 15 сакавіка для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў.
У Менску ўжо пададзены заяўкі на 21 чалавека, якія будуць вылучацца шляхам збору подпісаў грамадзян. А пасля сакавіцкага пленума партыя плануе вылучыць яшчэ 10 кандыдатаў на ўладанне дэпутацкіх мандатаў. Таксама максімальна будуць скарыстаны ўсе формы агітацыі, дазволеныя ўладай.
Як распавёў Валерый Ухналёў, намеснік старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", кандыдаты левых - людзі рознага ўзросту і сацыяльнага становішча, якія будуць балатавацца па акругах, у якіх яны пражываюць ці працуюць, а таму ведаюць меркаванні і настроі выбаршчыкаў. Многія кандыдаты маюць досвед выбарчай барацьбы і добра вядомыя грамадзянам сваіх акругаў.
- Думаю, улада зарэгіструе ўсіх кандыдатаў у дэпутаты, - падзяліўся сваім меркаваннем Валерый Ухналёў, - паколькі дакументы для падачы заявак досыць простыя. Агітацыйныя кампаніі нашых актывістаў будуць даволі рознымі, у залежнасці ад магчымасцяў і колькасці ініцыятыўнай групы кожнага кандыдата.
Тым не менш, партыя мае намер аказаць агульную падтрымку кандыдатам, адначасова прапагандуючы сваю новую назву. Будзе выпушчаная тыповая ўлётка з адной агульнай праграмай і задачамі для ўсіх кандыдатаў "Справядлівага свету". У сваю чаргу, кожны кандыдат можа ўключыць у кантэнт уласных улётак праблемы і пытанні акругаў, па якіх яны будуць балатавацца.
- Мы будзем выкарыстоўваць магчымасці кампаніі як мага шырэй, - дадаў Валерый Ухналёў. - Збор подпісаў, пікеты, сустрэчы з выбаршчыкамі - усё гэта будзе праводзіцца. Забарона на правядзенне пікетаў у вызначаных месцах, якая з'явілася сёлета, не створыць сур'ёзных праблемаў для агітацыі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"