У склад акруговых выбарчых камісій уключаны 72 прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый
У склад акруговых выбарчых камісій уключаны 72 прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый. Пра гэта БелаПАН паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.
Усяго ў склад 367 акруговых камісій уключаны 4.542 чалавекі. Сярод іх 527 дзяржслужачых, 467 чалавек да 30 гадоў, 2.944 жанчыны. "Такім чынам, большая частка працы па арганізацыі выбараў у абласныя і Мінскі гарадскі саветы дэпутатаў ляжа на плечы жанчын. Такая сітуацыя склалася і ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях", — сказаў Лазавік.
У склад акруговых камісій увайшлі 828 (18,2%) прадстаўнікоў працоўных калектываў, 1.955 (43,0%) — грамадскіх аб'яднанняў, 301 (6,7%) — палітычных партый; 1.457 чалавек (32,1%) вылучаліся грамадзянамі шляхам збору подпісаў.
Што тычыцца палітычных партый, то больш за ўсё ў склад акруговых камісій уключана прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі — 175. Апазіцыйныя партыі атрымалі ў камісіях 72 месцы, у тым ліку 48 чалавек — ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", 14 — Аб'яднанай грамадзянскай партыі, 6 — Партыі БНФ, 3 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, 1 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Апрача таго, у склад камісій увайшлі 19 прадстаўнікоў Беларускай аграрнай партыі, 16 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 12 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 5 — Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, 3 — Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі.
"Варта зазначыць, што пры фарміраванні акруговых камісій палітычныя партыі паказалі большую актыўнасць, чым пры фарміраванні тэрытарыяльных", — сказаў Лазавік.
У склад акруговых выбарчых камісій увайшлі 319 прадстаўнікоў грамадскага аб'яднання "Белая Русь", 332 — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 218 — Беларускага саюза жанчын, 225 — Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, 701 — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.