Гомель: Сябра акруговай камісіі паскардзіўся старшыні ЦВК на недэмакратычнае абранне кіраўніцтва камісіі
Сябра акруговай выбарчай камісіі Уладзімірскай акругі № 11 па выбарах у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў Леанід Судаленка звярнуўся з асабістым меркаваннем да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай наконт недэмакратычнага выбрання старшыні камісіі, намесніка і сакратара.
Ён напісаў, што не згодны з парадкам склікання першага арганізацыйнага сходу камісіі і рашэннем камісіі ў частцы абрання старшыні, намесніка і сакратара. Судаленка растлумачыў, што згодна ч.3 арт.11 Выбарчага кодэксу, камісіі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў незалежныя ад дзяржаўных органаў і не звязаныя рашэннямі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Часткай 4 артыкула 34 кодэкса прадугледжана, што дзяржслужачыя не могуць складаць больш траціны складу камісіі.
Па інфармацыі Судаленкі, праведзенае 9 лютага першае паседжанне выявіла парушэнні Выбарчага кодэксу. У прыватнасці, паседжанне акруговай камісіі было склікана па ініцыятыве адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля, у той час як яго павінны былі склікаць органы, якія стварылі камісію — прэзідыум аблсавета дэпутатаў і аблвыканкам. Перадача дадзенай функцыі прадстаўнікам адміністрацыі ў дадзеным выпадку не дапушчальная, таму што парушаецца ч.1 арт.37 Выбарчага кодэксу.
Дадзенае парушэнне пацягнула за сабой і іншыя парушэнні ў працы камісіі. Так, склікаўшы першае паседжанне намеснік старшыні адміністрацыі Савецкага раёна Мікалай Малы, не маючы на гэта дастатковых заканадаўчых паўнамоцтваў, пры вырашэнні пытання аб абранні старшыні камісіі прапанаваў кандыдатуру дзяржслужачага, тым самым парушыў прынцып незалежнасці створанай камісіі ад дзяржаўных органаў. «Пры роўнай колькасці галасоў, пададзеных «за» і «супраць» прынятым лічыцца рашэнне, за якое прагаласаваў старшыня камісіі. Таму я лічу, што выбарчая камісія ў сваей працы пры прыняцці рашэння не будзе мець магчымасці праявіць сваю незалежнасць ад дзяржаўных органаў», - выказаў меркаванне Судаленка.
Ён тлумачыць, што з мэтай недапушчэння парушэння выбарчага заканадаўства ён, як сябра камісіі, прапанаваны ў яе склад палітычнай партыяй, прапанаваў на пасаду старшыні сваю, незалежную ад дзяржаўных органаў кандыдатуру. Судаленка лічыць, што прапанаваная на пасаду старшыні, а потым і на пасаду намесніка і сакратара камісіі яго кандыдатура не знайшла падтрымкі сяброў камісіі менавіта з-за незаконнага ўмяшальніцтва ў працу камісіі прадстаўніка дзяржаўнага органа. Судаленка прыйшоў да высновы, што ўсе сябры камісіі ў сілу сваіх службовых абавязкаў у той ці іншай ступені залежныя ад намесніка старшыні раённай адміністрацыі, і па гэтай прычыне не маглі пайсці супраць яго прапаноў.
Сябра камісіі даводзіць, што абраны старшыня таксама з'яўляецца дзяржслужачым адміністрацыі Савецкага раёна. Прапанаваныя з яго боку кандыдатуры намесніка і сакратара атрымалі па 12 галасоў супраць аднаго Судаленкі, як прадстаўніка дэмакратычнай партыі (АГП).
Такім чынам, абранне ў якасці старшыні, намесніка і сакратара выбарчай камісіі супрацоўнікаў адміністрацыі Савецкага раена, якія з'яўляюцца дзяржслужачымі, парушае прынцып незалежнасці камісіі ад дзяржаўных органаў. Паколькі на паседжанні не былі агучаны месцы працы усіх сяброў камісіі, узнікаюць пытанні аб колькасці ў складзе камісіі прадстаўнікоў дзяржслужачых.
Улічваючы дадзеныя факты, Судаленка просіць старшыню ЦВК адмяніць рашэнне акруговай камісіі Уладзімірскай акругі № 11 у частцы абрання старшыні, намесніка і сакратара і абавязаць органы, якія стварылі камісію, склікаць новае паседжанне па абранні старшыні, намесніка і сакратара.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”