viasna on patreon

“Адэкватна рэагаваць на непавагу да Беларусі” заклікаў беларускае кіраўніцтва сябра верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец, якому амэрыканскія ўлады адмовілі ва ўязной візе.

2005 2005-11-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 лістапада сябра верхняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец склікаў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды адмовы яму ва ўязной візе ў ЗША, куды ён зьбіраўся для ўдзелу ў сэсіі ААН як сябра беларускай дэлегацыі, паведаміла радыё Свабода.
Паводле Мікалая Чаргінца, падставай стала тое, што год таму ён выкарыстаў знаходжаньне на сэсіі ААН для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША, а гэта не адпавядала ягонай візе. Беларускі палітык лічыць, што насамрэч зь ім паквіталіся з палітычных меркаваньняў: “Мінуў год — і раптам яны пра гэта згадалі. Я разумею, у іх ёсьць крыўда за мой рэзкі выступ у ААН, дзе я, як юрыст, здолеў паказаць непраўдзівасьць іх крытыкі на адрас маёй краіны. Таксама за тое, што я паказаў незаконнасьць спробаў працягваць далей блякаду Кубы. А галоўнае — за тое, што я, як сябра місіі АБСЭ, сумленна выканаў свой абавязак падчас назіраньня за выбарамі”.

Паводле Мікалая Чаргінца, 8 лістапада ў другой палове дня яму паведамілі з амэрыканскага Дзярждэпартамэнту, што гатовыя выдаць візу пры пэўных умовах. У прыватнасьці, яму трэба даць пісьмовае забавязаньне падчас побыту ў ЗША “не выходзіць за межы паўнамоцтваў удзельніка сэсіі ААН”. Спадар Чаргінец, аднак, такую ўмову лічыць зьневажальнай і непрымальнай. Ён мяркуе, што Дзярждэпартамэнт ЗША перавышае свае паўнамоцтвы, калі стварае перашкоды для ўдзелу ў сэсіі ААН. Беларускі палітык заклікаў улады Беларусі рэагаваць на падобныя факты “адэкватна”. “Нам трэба карыстацца правілам: не прызнаюць нас — і мы ня будзем іх прызнаваць”, — заявіў Мікалай Чаргінец на прэсавай канфэрэнцыі ў верхняй палаце Нацыянальнага сходу.

Тым часам у Беларусі згадваюць, што Мікалая Чаргінца не ўпершыню не пускаюць у ЗША на сэсію ААН. У 1998 годзе ў Беларусі разгарэўся дыпляматычны скандал, выкліканы тым, што загадам Аляксандра Лукашэнкі з пасёлку Дразды былі гвалтоўна выселеныя дыпляматычныя місіі некаторых заходніх краінаў. Тады амбасадары гэтых краінаў на знак пратэсту часова пакінулі Беларусь, а ўрады заходніх дзяржаваў, у тым ліку ЗША, абвясьцілі неўязнымі шэраг вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Сярод іх быў і Мікалай Чаргінец, нядаўна прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам сябрам верхняй палаты Нацыянальнага сходу. Але ў той час візу Мікалай Чаргінец усё ж атрымаў. Паводле беларускага незалежнага журналіста Рамана Якаўлеўскага, адбылося наступнае: "Чаргінец спрабаваў, як і цяпер, патрапіць на сэсію ААН у Нью-Ёрку. У візе яму спачатку адмовілі. Мікалай Іванавіч вельмі пакрыўдзіўся і заявіў, што зьбіраўся ў ЗША ня толькі працаваць на сэсіі, але і перадаць дакумэнты пра амэрыканскіх вайскоўцаў, якія зьніклі бязь вестак у Віетнаме і Аўганістане. Ён асабіста паказваў мне гэтыя дакумэнты: фатаздымкі, пасьведчаньні, але не тлумачыў, адкуль яны ў яго. Нагадаю, спадар Чаргінец сам ваяваў у Аўганістане. Тады ён заявіў, што ў такім выпадку не перадасьць іх амэрыканцам. Пра дакумэнты стала шырока вядома, і ў выніку візу ён атрымаў. Між тым, у Маскве дагэтуль дзейнічае зьмешаная камісія ў справе пошуку зьніклых вайскоўцаў у Віетнаме і Аўганістане, і тыя дакумэнты Мікалай Чаргінец мог туды даўно перадаць. Таму, што да мяне, гэта было не зусім маральна — выстаўляць амэрыканцам такі ўльтыматум: альбо віза, альбо ня будзе дакумэнтаў”.

У амбасадзе ЗША ў Беларусі па-ранейшаму не камэнтуюць адмовы Мікалаю Чаргінцу ў візе. У тым ліку не камэнтуюць там і апошняй заявы беларускага палітыка адносна таго, што яму гатовыя выдаць візу на пэўных умовах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства