Светлагорск: Інфармацыя аб выбарах – толькі па падпісцы
У Светлагорскім раёне афіцыйную інфармацыю аб падрыхтоўцы выбараў у мясцовыя Саветы друкуюць у газетах, якія распаўсюджваюцца толькі па падпісцы. Выбаршчыкі, якія не з’яўляюцца падпісчыкамі дзяржаўнай газеты, прачытаць аб выбарчых камісіях і акругах могуць хіба што ў бібліятэках.
У Выбарчым кодэксе вызначана, што асноўная інфармацыя аб выбарах падлягае абавязковаму апублікаванню ў друку. Напрыклад, павінны публікавацца паведамленні аб утварэнні выбарчых камісій, спісы выбарчых акругаў і выбарчых участкаў, звесткі аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і іншыя. Гэта робіцца для таго, каб грамадзяне маглі своечасова знаёміцца з ходам падрыхтоўкі і правядзення выбараў.
Раённая газета “Светлагорскія навіны” выдаецца па аўторках і чацвяргах (яе заснавальнікі – прэзідыюм райсавета і райвыканкам). Але выпускі за аўторак распаўсюджваюцца толькі па падпісцы, у продаж яны не паступаюць. Чытачы газеты і падчас выбараў 2008 года ў Нацыянальны сход маглі знаёміцца з афіцыйнай інфармацыяй у асноўным у “падпісных” выпусках. З пачаткам сёлетняй выбарчай кампаніі такая сітуацыя паўтараецца.
Фармальна патрабаванне Выбарчага кодэксу выконваецца. Але зразумела, што большасць выбаршчыкаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, не могуць рэгулярна наведваць бібліятэку. Мясцовыя актывісты дэмакратычных партый лічаць, што абмежаванасць доступу да інфармацыі – адна з прычынаў абыякавасці грамадзян да выбараў і да іх вынікаў.
Ва многіх краінах усе звесткі для выбаршчыкаў змяшчаюцца і ў Інтэрнеце. У Беларусі на мясцовым узроўні гэта пакуль нават не абмяркоўваецца. І хоць у Светлагорскім раёне дзяржаўная газета і мясцовая ўлада маюць свае сайты, але афіцыйную інфармацыю аб падрыхтоўцы выбараў на іх не змяшчаюць.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”