viasna on patreon

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб сітуацыі ў галіне свабоды рэлігіі ў сьвеце, у якой адзначае рэлігійную дыскрымінацыю ў Беларусі .

2005 2005-11-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую, ужо сёмую справаздачу аб сытуацыі ў галіне свабоды рэлігіі ў сьвеце. У дакумэнце прааналізаваная сытуацыя ў 197 краінах сьвету за пэрыяд ад ліпеня 2004 да ліпеня 2005 гадоў. Паводле дзярждэпартамэнту, найгоршая сытуацыя ў галіне свабоды рэлігіі ва Ўзбэкістане, у Туркмэністане і Пакістане. 13 старонак з гэтага дакумэнту прысьвечаныя Беларусі.

Кангрэс ЗША накладае на Дзярждэпартамэнт абавязак імкнуцца да паляпшэньня сытуацыі ў краінах, дзе парушаюцца міжнародныя нормы ў галіне свабоды рэлігіі, самымі рознымі мэтадамі: шляхам дыпляматычнага ціску альбо нават эканамічных санкцыяў. Паводле загадчыка Бюро рэлігійнай свабоды Дзярждэпартамэнту Джона Гэнфарда, Вашынгтон станоўча паўплываў на рэлігійную сытуацыю ў Кітаі, Саудаўскай Арабіі і Віетнаме. Паводле справаздачы, У Іране па-ранейшаму парушаюцца правы рэлігійных меншасьцяў: сунітаў, Багаістаў, габрэяў і хрысьціянаў. Ва Ўзбэкістане вельмі рэпрэсіўнае заканадаўства ў дачыненьні як да хрысьціянаў, гэтак і да мусульманаў.

Сярод краінаў, ў якіх існуе дыскрымінацыйнае заканадаўства і прадузятае стаўленьне да некаторых рэлігіяў, названыя Беларусь, Расея і Азэрбайджан. У частцы справаздачы датычнай Беларусі найперш гаворыцца, што паводле апытаньняў, 50 % беларусаў заяўляюць аб сваёй прыналежнасьці да нейкіх рэлігійных арганізацыяў. У траўні сёлета ў Беларусі былі зарэгістраваныя 2,829 рэлігійных грамадаў, у тым ліку 1290 праваслаўных, 450 каталіцкіх, 25 габрэйскіх, 30 мусульманскіх, 30 старавераў і некалькі сотняў пратэстанцкіх розных дэнамінацыяў. З 1990 году ў Беларусі ўдвая павялічылася колькасьць пратэстанцкіх грамадаў.

Канстытуцыя Беларусі 1996 году пацьвердзіла рэлігійныя свабоды і роўны статус ўсіх веравызнаньняў. Беларускае грамадзтва ў асноўным талерантнае, што мае станоўчы ўплыў на дзейнасьць розных канфэсіяў. Аднак на практыцы адчуваецца варожае стаўленьне да некаторых рэлігійных меншасьцяў з боку беларускага ўраду. У адпаведнасьці з законам ( “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях”) з 2002 году і згодна з заключаным дзяржавай Канкардатам з Праваслаўнаю Царквою, БПЦ знаходзіцца ў прывілеяванай сытуацыі.

Улады заяўляюць, што праваслаў’е “адыграла асаблівую гістарычную ролю ў духоўным, культурным і дзяржаўным разьвіцьці беларускага народу”. “Традыцыйнымі канфэсіямі” улады прызналі таксама рымскіх каталікоў, юдэяў, мусульманаў і эвангельскіх лютэранаў, аднак не залічылі да іх грэка-каталікоў, кальвіністаў і старавераў.

Паводле справаздачы Дзярждэпартамэнту, беларускія ўлады дыскрымінуюць тыя канфэсіі, якіх на іхнюю думку прапагандуюць іншую культуры і зьнешнія палітычныя ўплывы. У канкардаце з Праваслаўнай Царквою адзначаецца, што дзяржава і Царква будуць сумесна змагацца з “псэўдарэлігійнымі структурамі, якія ўяўляюць пагрозу для фізычнага і псыхічнага здароўя асобных людзей і ўсяго грамадзтва” і ўсяляк абмяжоўваць дзейнасьць нетрадыцыйных рэлігіяў і сэктаў. На падставе закону аб перарэгістрацыі ўлады не зарэгістравалі 12 рэлігійных асацыяцыяў і 104 рэлігійныя грамады, пераважна пратэстанцкія суполкі. Сярод незарэгістраваных, у прыватнасьці, парафіі “Царквы Поўнага Эвангельля”, але таксама Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, Саюз Габрэяў і крышнаіты. Улады абвінавацілі беларускіх крышнаітаў ў нелегальным распаўсюджваньні рэлігійнай літаратуры.

Паводле Закону, рэлігійная грамада павінна налічваць як мінімум 20 дарослых чалавек, а рэлігійныя асацыяцыі павінны налічваць як мінімум 10 грамадаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі краіны мінімум 20 гадоў. Бяз юрыдычнага адрасу, статуту і дазволу на сходы, рэлігійныя арганізацыі ня маюць права праводзіць выдавецкую, пэдагагічную, дабрачынную і місіянэрскую дзейнасьць. Улады адмаўляюць у рэгістрацыі тых грамадаў, асабліва пратэстанцкіх, якія праводзяць свае малітоўныя сходы ў прыватных кватэрах. Мясцовыя ўлады націскаюць на ўласьнікаў аб’ектаў, каб тыя не арандавалі іх пратэстантам, як гэты было ў Слоніме. Дагэтуль ня можа знайсьці памяшканьня менская грамада Царквы “ Новае жыцьцё”. Кожнае малітоўная сустрэча ў прыватных памяшканьнях лічыцца парушэньнем закону.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту адзначаецца, што перарэгістрацыя стала магутным сродкам ўзьдзеяньня беларускіх уладаў на непажаданыя імі рэлігійныя арганізацыі. Без рэгістрацыі яны ня могуць праводзіць сваю асноўную дзейнасьць, набываць царкоўную маёмасьць, а таксама запрашаць да сябе замежных прапаведнікаў і місіянэраў. Нават Каталіцкая Царква на Гарадзеншчыне, якая адчувае недахоп сьвятароў, мае праблемы з візамі для сьвятароў з суседняй Польшчы.

У сакавіку 2004 году менскія гарадзкія ўлады адхілілі просьбу Кальвінісцкай рэфармісцкай царквы аб правядзеньні міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 450-годзьдзю кальвінізму ў Беларусі. У адмове было сказана, што царква афіцыйна не зарэгістраваная як агульнарэспубліканская рэлігійнае аб’яднаньне, таму ня мае права праводзіць такія канфэрэнцыі.

Хаця за гэты пэрыяд не было зафіксавана антыпратэстанцкіх публікацыяў у дзяржаўнай прэсе, дзяржаўныя выданьні працягваць нападаць на розныя нетрадыцыйныя веравызнаньні. Напрыклад, газэта “Знамя юности” называла “Царкву Хрыста” і Царкву саентолягаў найбольш небясьпечнымі сэктамі ў краіне. Газэта “Мінскій кур’ер” сьцьвярджала, што Крышнаіты ёсьць дэструктыўнай таталітарнай сэктай. Лідэры пратэстанцкіх грамадаў пратэставалі супраць дыскрымінацыйных азначэньняў ў кнізе “Асновы ўнутранай і асабістай бясьпекі” у параграфе “Асьцярожна сэкты”. Там сэктамі названыя Адвэнтысты сёмага Дня, Царква Марыі, Сьведкі Еговы.

У кнігарні “Праваслаўная кніга” адкрыта прадаецца антысэміцкая літаратура. Хаця Беларуская праваслаўная царква сьцьвярджае, што ня мае ніякіх сувязяў з кнігарняй, яе супрацоўнікі лічаць, што “Праваслаўная кніга” ёсьць афіцыйнай кнігарняй БПЦ. Па патрабаваньню прадстаўнікоў габрэйскай супольнасьці, пракуратура пачала расьсьледаваньне, ці распаўсюджвае кнігарня літаратуру, якая распальвае рэлігійную варожасьць. У кастрычніку 2004 году менская гарадзкая пракуратура пастанавіла, што няма падставаў для распачынаньня крымінальнай справы.

За справаздачны пэрыяд у Беларусі не адбывалася рэстытуцыі рэлігійнай маёмасьць. Для гэтага працэсу ў краіне няма заканадаўчай базы, закон нават забараняе рэстытуцыю будынкаў, якія выкарыстоўваюцца для культурных альбо адукацыйных мэтаў. Тым ня менш, вяртаньне рэлігійнай маёмасьці паступова ідзе, з 1988 па 2003 год, паводле Дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, дзяржава вярнула звыш 1120 будынкаў, якія прыналежалі розным рэлігійным арганізацыям.

Зараз каталіцкая царква патрабуе вяртаньне касьцёлу сьвятога Язэпу і кляштару бэрнардынцаў ў цэнтры Менску, дзе цяпер месьціцца Архіў навукова–тэхнічнай дакумэнтацыі. Урад пагаджаецца вярнуць гэты будынак, але толькі ў выпадку адшуканьня новага раўнацэннага памяшканьня для архіву.

За справаздачны пэрыяд урад неаднаразова штрафаваў прадстаўнікоў розных рэлігійных канфэсіяў за “незаконнае правядзеньне рэлігійных набажэнстваў” і “недазволеную рэлігійную дзейнасьць”. Паводле дзяржаўнага камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, судовыя рашэньні на гэты конт грунтаваліся на абвінавачаньнях у парушэньні грамадзкага парадку і несанкцыянаваных сходах.

У сьнежні 2004 году быў аштрафаваны Васіль Юрэвіч, адміністратар царквы “Новае жыцьцё”, а ў сакавіку пастар гэтай царквы Вячаслаў Ганчарэнка. Некалькі разоў штрафаваліся прадстаўнікі баптыстаў. У Мазыры гэта адбылося пасьля таго, як яны віншавалі пацыентаў мясцовага шпіталю з Вялікаднём.

У 2004 годзе неаднаразова былі зафіксаваныя акты вандалізму на габрэйскіх могілках ды іншых памятных месцах у розных гарадах Беларусі, праваахоўным органам ніколі не ўдавалася знайсьці і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту адзначаныя некаторыя паляпшэньні ў стаўленьні да рэлігійных канфэсіяў. Гэтак, 8 лютага на сустрэчы прэзыдэнт Лукашэнка і кардынал Свёнтак выказаліся за паляпшэньне стасункаў паміж уладай і Каталіцкай царквой. Лукашэнка, у прыватнасьці прапанаваў дзяржаўную дапамогу ў рэстаўрацыі фрэсак у адным з менскіх касьцёлаў. У 2003 і 2004 гадах улады зьніжалі зямельныя падаткі для ўсіх рэлігійных арганізацыяў, менскі гарвыканкам даў мусульманам зямлю для пабудовы мячэці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства