viasna on patreon

Суды адмаўляюць у задавальненні скаргаў на неўключэнне ў склад камісій

2010 2010-02-10T12:51:34+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Барысаў

Суддзя Барысаўскага суда Вольга Абрамовіч адхіліла скаргу на рашэнне прэзідыума Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў і Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта па фармаванні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў. У скарзе ўтрымлівалася просьба прызнаць гэта рашэнне незаконным.

Аўтары скаргі прасілі  абавязаць прэзідыум Барысаўскага раённага Савета  дэпутатаў і Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне пра фармаванне раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з уключэннем у яе Марыны Статкевіч як прадстаўніка грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі.

Фармаванне барысаўскай раённай выбарчай камісіі прайшло пры адсутнасці грамадскага кантролю: ні праваабаронца Марына Статкевіч, ні яе прадстаўнікі, якія вылучылі яе ў склад камісіі, не былі апавешчаныя пра час паседжання Барысаўскага выканкама і раённага Савета дэпутатаў, на якім вырашылася гэта пытанне.

Суддзя Абрамовіч адмовіла ў задавальненні скаргі, паколькі яе падалі ад свайго імя толькі двое грамадзян, якія вылучылі Марыну Статкевіч у склад камісіі, а не ўсе дзесяць.

 

Жлобін

Суд Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці падтрымаў рашэнне мясцовых уладаў, якія не ўключылі прадстаўніка апазіцыі ў раённую выбарчую камісію. Суддзя Рубахава Святлана Вікенцьеўна пастанавіла, што прадстаўнік партыі “Справядлівы свет” Валянцін Яўзрэзаў не атрымаў месца ў камісіі на абсалютна законных падставах.

Як ужо паведамлялася, В. Яўзрэзаў быў вылучаны ў раённую камісію па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў ад Жлобінскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” (раней – Партыя камуністаў Беларуская). Аднак раённы выканаўчы камітэт і прэзідыюм раённага Савета дэпутатаў, якія ўтваралі камісію, яго кандыдатуру адхілілі. У выніку ў камісіі няма ніводнага незалежнага ад уладаў прадстаўніка.

Валерый Рыбчанка, кіраўнік Жлобінскай арганізацыі партыі “Справядлівы свет”, падаў скаргу на рашэнне ўладаў у суд. У сваім выступленні ў судзе ён адзначыў, што новыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс прадугледжваюць, каб 1/3 частка месцаў у раённых выбарчых камісіях складалася з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. В. Рыбчанка звярнуў увагу на тое, што Аляксандр Лукашэнка, які займае пасаду кіраўніка дзяржавы, у сваіх публічных заявах падкрэсліваў: гэта зроблена для таго, каб у камісіях магла ўдзельнічаць апазіцыя.  А на справе, сказаў В. Рыбчанка, у раённай камісіі гэтая 1/3 месцаў укамплектавана прадстаўнікамі праўладных арганізацый тыпу БРСМ.

У суд у якасці сведкаў былі выкліканы В. Яўзрэзаў і кіраўніца справамі райвыканкама Ярашава Вольга Іванаўна. Па звестках В. Рыбчанкі, менавіта яна прапанавала не ўключаць В. Яўзрэзава ў камісію, паколькі ён там “дэстабілізуе абстаноўку”. У судзе В. Ярашава ад гэтых слоў адмовілася. Іншы супрацоўнік райвыканкама, які выступаў як прадстаўнік адказчыка па справе, заявіў, што выступы А. Лукашэнкі маюць “рэкамендацыйны характар”.

У выніку суддзя вырашыла: паколькі Выбарчы кодэкс не вызначае, што ў выбарчую камісію трэба уключаць прадстаўнікоў менавіта апазіцыйных партый, то ўлады паступілі законна. Жлобінская арганізацыя партыі “Справядлівы свет” лічыць, што пры такім падыходзе новыя папраўкі ў Выбарчы кодэкс не маюць ніякага практычнага сэнсу. Прадстаўнікі партыйнай арганізацыі маюць намер 10 лютага абскардзіць рашэнне Жлобінскага суда ў Гомельскім абласным судзе.      

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства