Журналістам зноў не давалі працаваць на Кастрычніцкай плошчы
Увечары 8 лютага журналістам, якія асвятлялі акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, зноў груба перашкаджалі выконваць прафесійныя абавязкі.
Перашкоды чынілі ўжо апрабаваным раней спосабам невядомыя людзі ў цывільным, якія шчыльным колам захіналі дэманстрантаў ад журналістаў і закрывалі рукамі камеры аператараў.
Як распавёў прэс-службе ГА «БАЖ» журналіст БелаПАН Сяргей Пульша, журналісты былі пазбаўленыя магчымасці не толькі пагутарыць з дэманстрантамі, але нават падлічыць іх колькасць. Але, па яго ацэнках, невядомых у цывільным было прыкладна ўдвая больш, чым удзельнікаў акцыі.
За двума аператарамі БелаПАН — Васілём Сямашкам і Вольгай Кляшчук — традыцыйна хадзілі следам па некалькі асобаў у цывільным. Аднаго з «апекуноў» Васіля Сямашкі Сяргей Пульша наўпрост запытаў, навошта той перашкаджае законнай працы супрацоўнікаў СМІ. У адказ той запэўніў, што абсалютна нікому не перашкаджае, і пры гэтым працягваў захінаць аб’ектыў.
Па назіраннях журналіста, гэтым разам невядомыя нават не хавалі сваіх твараў і больш клапаціліся пра тое, каб не даць зняць разгон дэманстрацыі.
Журналісту Радыё «Свабода» Алегу Груздзіловічу, які таксама здымаў падзеі на відэа і ў адзін з момантаў адвёў ад аб'ектыву сваёй камеры руку невядомага маладога чалавека ў цывільным, той раз'юшана папярэдзіў: «Я зараз прымяню фізічную сілу!..»
Груба штурхалі і захіналі камеру аператару інтэрнет-рэсурсу charter97.org. (На сайце «Хартыі» змешчаны відэазапіс, які яскрава ілюструе гэта.)
«Пры гэтым АМАПаўцы ў цывільным не прадстаўляліся і не паказвалі ніякіх дакументаў, — падкрэслівацца ў матэрыяле, прысвечаным акцыі 8 лютага. — Супрацоўнікі міліцыі ў форме, якія знаходзіліся на плошчы, на просьбы журналістаў звярнуць увагу на невядомых нападнікаў не рэагавалі…»
Ва ўсіх журналістаў, якія сутыкнуліся з перашкодамі пры выкананні прафесійных абавязкаў 8 лютага, былі навідавоку журналісцкія пасведчанні — прычым, не толькі БАЖаўскія, але і рэдакцыйныя. Ніякага ўплыву на паводзіны людзей у цывільным гэта не аказвала.
Актывісты апазіцыі мелі намер зладзіць 8 лютага акцыю салідарнаці з палітвязнямі Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімірам Асіпенкам, якія роўна год утрымліваюцца ў следчым ізалятары. Акцыю разагналі ў лічаныя хвіліны, а яе ўдзельнікаў затрымалі. У той жа вечар усіх іх вызвалілі.