Брэст: Маладафронтаўца Івана Стасюка падазраюць у злосным хуліганстве
Крымінальная справа па Артыкуле 339.1 КК РБ (злоснае хуліганства) заведзена ў адносінах да грамадскага актывіста з Брэста Івана Стасюка.
30 студзеня Івану Стасюку прыйшла позва з’явіцца ў міліцыю ў якасці сведкі па справе аб бойцы, якая адбылася вечарам 23 студзеня ў цэнтры Брэста на перакрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Актывіста выклікалі згодна паказанняў відавочцы, які па фатаздымкам нібыта пазнаў у адным з удзельнікаў бойкі І.Стасюка. Брэсцкі актывіст у гэты дзень пайшоў у міліцыю даваць тлумачэнні.
3 лютага яму патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі, пасьля чаго да месца, дзе ён знаходзіўся, прыехалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі актывіста ў Ленінскага РАУС. Праз некалькі гадзін сведка Стасюк быў перакваліфікаваны ў падазронага па крымінальнай справе і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на трое сутак. Пасля гэтага на допыты ён папрасіў адваката. Зараз ён з’яўляецца падазроным у здзейсненні “хуліганства” згодна Артыкула 339.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
6 лютага актывіста адпусцілі. Ні пдпіскі аб нявыездзе, ні падпіскі аб неразгалошванні матэрыялаў следства ў яго не бралі.
Актывіст расцэньвае гэтую справу як палітычна матываваную і звязвае яе з выбарчай кампаніяй, якая распачалася ў краіне.
-- У гэтым інцыдэнце я не ўдзельнічаў. А тое, што знайшоўся нейкі сведка, які ўказвае выключна на мяне, пераконвае мяне ў тым, што ўсё менавіта з-за майго жадання браць удзел у выбарчай кампаніі.
Іван Стасюк з’яўляецца сябрам міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”, зарэгістраванай у Чэхіі. За апошнія паўгады пракуратура горада Брэста вынесла пісьмовыя папярэджанні за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі маладафронтаўцам з Брэста Міхасю Ільіну і Юліі Пашко.