Асамблея НДА: У Эўранэсце мусяць быць прадстаўленыя ня толькі палітычныя партыі
Кіраўніцтва Асамблеі НДА лічаць, што ў міжпарлямэнцкай структуры Эўранэст мусяць быць прадстаўленыя ня толькі палітычныя партыі, але і суб’екты грамадзянскай супольнасьці.
Нагадаем, на дадзены момант ідзе абмеркаваньне адносна складу беларускага прадстаўніцтва ў Парлямэнцкай Асамблеі Эўразьвяза “Ўсходняе партрэнства” (Эўранэст). З-за адсутнасьці ў Беларусі прызнанага Эўразьвязам легітымнага парлямэнта любая дэлегацыя нашае краіны будзе мець неафіцыйны статус. Паколькі існуе верагоднасьць, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адмовяцца ад удзелу ў Эўранэсьце, гэта дазволіць палітычнай апазыцыі і грамадзянскае супольнасьці пашырыць склад свайго прадстаўніцтва да 10 чалавек.
Пазыцыя Асамблеі НДА заключаецца ва ўключэньні найбольш значных структураў грамадзкага сэктару ў працу Эўранэста, нароўных з палітычнымі партыямі.
Як адзначае старшыня Працоўнай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, “грамадзкі і палітычны сэктары мусяць быць прадстаўленыя на парытэтных асновах. З боку грамадзкага сэктару мы бачым удзел у Эўранэсьце такіх важных і ўплывовых арганізацыяў, як Беларуская асацыяцыя журналістаў, Асамблея НДА, прадстаўнік ад праваабарончых арганізацыяў, рух “За свабоду” і Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў”.