Гомельская абласная камісія створана з людзей, правераных часам і ідэалогіяй
На першым паседжанні Гомельскай абласной выбарчай камісіі быў абраны яе старшыня — дырэктар філіялу Белдзяржстраху па Гомельскай вобласці Мікалай Стош. Дарэчы, ен трапіў у камісію з дапамогай «грамадзянаў, шляхам падачы заявы», што, вядома, не супярэчыць заканадаўству. Мікалай Стош раней быў узнагароджаны званнем «Выратавальнік году-2007». Сакратаром камісіі прызначана загадчык аддзела грамадскага здароўя, намеснік галоўнага ўрача Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміалогіі і грамадскага здароўя, а таксама сябар праўлення гомельскага абласнога Саюза жанчын Галіна Саланец. Дарэчы, і ў камісію па выбарах яна была накіравана Саюзам жанчын. Таксама сябрам праўлення гэтай грамадскай арганізацыі з'яўляецца і намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты «Гомельская праўда» Ніна Злыдзенка, якая аднак трапіла ў камісію як прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз журналістаў».
Наогул, камісія створана з людзей, правераных часам і ідэалогіяй. Напрыклад, прадстаўнік грамадскай арганізацыі «БРСМ» Андрэй Белякоў, дырэктар РСУП «Агракамбінат «Паўдневы» Міхаіл Карнадуд — быў вылучаны грамадзянамі шляхам збору подпісаў, актыўны «грамадскі дзяч» - праўладны камуніст, старшыня Савета старэйшын пры Гомельскім аблвыканкаме, адзін з ініцыятараў стварэння грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Юрый Самборскі (ен вылучаны ў камісію ад партыі КПБ).
Увайшлі таксама ў камісію «шляхам заявы грамадзянаў» намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама Аляксандр Усаў — сталы ўдзельнік выбарчых кампаній, і Віталь Уткін — загадчык аддзелу па рабоце са зваротамі грамадзянаў аблвыканкама. Уткін быў вылучаны грамадскім аб'яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў».
Такім чынам, новая рэдакцыя Выбарчага кодэксу ў дзеянні — траціну ці нават больш камісіі склалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадзскіх арганізацый.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”