Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, студзень 2010 году
У студзені ў Беларусі стартавала мясцовая выбарчая кампанія. Згодна з Указам прэзідэнта № 21 ад 18.01.2010 года, выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 26 скліканьня Рэспублікі Беларусь прызначаны на 25 красавіка. Варта адзначыць, што гэта першая выбарчая кампанія, пад час якой на практыцы будуць выпрабаваныя новыя палажэньні, унесеныя напярэдадні ў Выбарчы кодэкс. Адразу пасля абвяшчэньня Указу аб прызначэньні выбараў, правядзеньне маніторынгу выбарчага працэсу пачалі па ўсёй краіне беларускія праваабаронцы ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Адной з пастаўленых мэтаў маніторынгу яны бачаць аналіз таго, як на практыцы рэалізуюцца новыя палажэньні выбарчага заканадаўства. Згодна з новаўведзенымі палажэньнямі ў Выбарчы кодэкс, зараз суб’екты, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі, у выпадках іх неўключэньня набылі права абскарджваць у судзе рашэньні органаў, якія утварылі камісію. Шэраг грамадзка-палітычных актывістаў з розных гарадоў Беларусі накіравалі скаргі ў суд па факце іх неўключэньня ў тэрытарыяльныя камісіі.
З абвастрэньня сітуацыі пачаўся год для актывістаў непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Супрацьстаяньне паміж гэтай арганізацыяй польскай нацыянальнай меншасьці і беларускімі ўладамі цягнецца ня першы год. Яшчэ напрыканцы 2009 году паведамлялася аб узмацненьні ціску на актывістаў СПБ і ўзбуджэньні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэксу РБ – злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі супраць старшыні Івянецкага Польскага Дому (аднаго з трох дамоў, які застаўся пад кантролем непрызнанага ўладамі СПБ) Тэрэзы Собаль. 21 студзеня ў Івянцы ўлады арганізавалі сход, на якім меркавалася абраць новае кіраўніцтва Польскага Дому. У той дзень міліцыянты затрымалі каля 43 чалавек, якія накіроўваліся ў Івянец, каб падтрымаць непрызнаны ўладамі СПБ. І толькі дзякуючы ўмяшальніцтву прадстаўніка польскай амбасады ў Менску да 17-ці гадзінаў з Валожынскага РУУС вызвалілі ўсіх затрыманых. Тым часам на сходзе жыхароў Івянца прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасьці, у Польскім Доме за пераабраньне Тэрэзы Собаль прагаласавалі амаль адзінагалосна. 26 студзеня паслу Польшчы ў Беларусі Генрыху Літвіну была ўручаная нота МЗС Беларусі за тое, што дзеяньні супрацоўнікаў пасольства «не адпавядаюць базавым міжнародна-прававым дакументам, якія рэгламентуюць дзеяньні замежных дыпламатаў у краінах акрэдытацыі».
Гучны розгалас у СМІ ў студзені мела справа настаўнікаў. 15 студзеня начальніца ўпраўленьня адукацыі Мінскага аблвыканкама Таіса Данілевіч выклікала да сябе шасцёх настаўнікаў, якія зьяўляліся сябрамі розных палітычных партый, і ў катэгарычнай форме запатрабавала ад іх ці спыніць сяброўства ў партыях, ці звольніцца з працы па ўласным жаданьні. На думку чыноўніцы, яны ня маюць права працаваць у школах. Прааабаронцы дапамаглі настаўнікам зьвярнуцца ў пракуратуру са скаргай на незаконныя дзеяньні начальніка ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкаму, паколькі яна груба парушыла законныя канстытуцыйныя правы грамадзянаў.
У студзені праваабаронцы працягвалі адстойваць праз суды сваё права на свабоду мірных сходаў, што зьвязана з адмовамі мясцовых уладаў на заяўкі аб правядзеньні каля 18 інфармацыйных акцыяў, прымеркаваных да 10 сьнежня – гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Суд Бярозаўскага раёну прызнаў адмову мясцовага райвыканкаму ў пікеце правамернай і адмовіў бярозаўскім праваабаронцам Сяргею Русецкаму і Васілю Азаранку ў задавальненьні іску. Гэтае судовае рашэньне было абскарджана праваабаронцамі. Касацыйныя скаргі на рашэньні судоў першай інстанцыі таксама накіравалі 25 студзеня смаргонскі правабаронца Алесь Дзергачоў і 26 студзеня барысаўскія праваабаронцы Марына Статкевіч і Алег Мацкевіч.
У новым 2010 годзе ў Беларусі застаецца актуальнай праблема існаваньня сьмяротнага пакараньня. Летась у студзені пры падтрымцы “Міжнароднай Амністыі”Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт ініцыявалі кампанію “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”. Прадстаўленьне аб’ектыўнай інфармацыі, вядзеньне вольнай і адкрытай грамадзкай дыскусіі па сутнасьці праблемы смяротнага пакарання – такая канцэпцыя была абрана праваабаронцамі ў працы з насельніцтвам. Адмена сьмяротнага пакараньня альбо ўвядзеньне мараторыя зьяўляецца адной з умоваў Еўрасаюзу для нармалізацыі адносінаў з Беларуссю, а таксама неабходнай умовай для вяртаньня нашай краіне статуса спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ. Такім чынам, прадстаўнікі ўладаў вымушаны былі пачаць выказвацца на гэтую тэму. У студзені інтэрнэт-партал Tut.by зрабіў шэраг публікацый, у якіх пра сьмяротнае пакараньне разважалі прафесары Акадэміі МУС Эла Саркісава і Анатоль Шаркоў, намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента выкананьня пакараньняў МУС Сяргей Працэнка, старшыня Пастаянная камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўству і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка. Яны пагадзіліся, што Беларусь цывілізаваная краіна і мусіць адыйсьці ад сьмяротнага пакараньня.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Human Rights Watch” апублікавала штогадовую справаздачу аб стане выкананьня правоў чалавека ў сьвеце. Адносна Беларусі адзначаецца пагаршэньне сітуацыі з правамі чалавека за апошні год.
28 студзеня стала вядома, што ўтрыманне пад вартай ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Уладзіміра Асіпенкі і Мікалая Аўтуховіча падоўжанае яшчэ на месяц – да 28 лютага. Па словах дачкі Асіпенкі Людмілы, санкцыю на падаўжэньне тэрмінаў даў суддзя Вярхоўнага суду А.Цяцюхін.
- Палітычна матываваны крымінальны перасьлед
10 студзеня пракурор падпісаў пастанову пра ўтрыманьне на два месяцы ў Віцебскім следчым ізалятары грамадзкага актывіста Сяргея Каваленкі, затрыманага 7 студзеня за вывешваньне на вершаліне галоўнай елкі Віцебска бел-чырвона-белага сьцягу. Супраць актывіста распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу (“хуліганства”). 13 студзеня нечакана арыштаванага выпусьцілі са сьледчага ізалятару пад падпіску аб нявыезьдзе. 19 студзеня С. Каваленку правялі псіхіятрычную экспертызу, на якую яго накіравала сьледчая Аксана Муравіцкая – у межах сьледзтва па крымінальнай справе. Пра вынікі псіхіятрычнай экспертызы абвінавачанаму не паведамілі, аднак з матэрыялаў сьледзтва С.Каваленку стала вядома, што абвінавачваньні супраць яго перакваліфікаваныя з ч. 2 на ч. 1 арт. 339 КК, аднак дададзены арт. 363 КК – аказаньне супраціву супрацоўнікам міліцыі.
11 студзеня суддзя Наваградзкага раённага суду Валеры Цынкевіч прызнаў актывіста Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Юрася Казака вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 339 КК РБ (“хуліганства”) і прысудзіў яго да выплаты штрафу ў памеры 250 базавых велічыняў (8 млн. 750 тыс руб). Нагадаем, што 7 лістапада Ю. Казак абліў зялёнай фарбай помнік Уладзіміру Леніну на цэнтральнай плошчы Наваградка. Як зазначыў актывіст на судзе, ягонай мэтай было не зьнішчэнне бюсту, а прыцягненьне ўвагі да праблемы злачыннай камуністычнай спадчыны ў Беларусі.
5 студзеня супрацоўнікі Івянецкага РАУС узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 210 КК РБ супраць кіраўніцы Польскага Дому ў Івянцы Тэрэзы Собаль, якая зьяўляецца сябрам непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі. Жанчыну абвінавачваюць ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, якое палягае на тым, што ў 2004 годзе паводле загаду тагачаснага кіраўніка Саюза палякаў Тадэвуша Кручкоўскага, Польскі Дом у Івянцы атрымаў матэрыяльную дапамогу і не сплаціў падаткаў. Старшыня галоўнай рады Саюза палякаў Андрэй Пачобут лічыць, што дзеяньні ўладаў у дачыненьні да Т. Собаль маюць правакацыйны характар.
- Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў
5 студзеня Віцебскі раённы суд аштрафаваў паводле арт. 23.39 КаАП РБ на 2 базавыя велічыні старшыню віцебскай абласной суполкі БНФ Кастуся Смолікава. Падставай паслужыў факт усталяваньня 29 кастрычніка віцебскімі актывістамі 5 памятных крыжоў у лесе каля вёскі Паляі, дзе ў сталінскія часы разстрэльвалі ахвяраў камуністычнага рэжыму. К.Смолікаў вырашыў папярэдзіць пра ўстаноўку крыжоў старшыню мясцовага Варонаўскага сельскага выканкаму Юрыя Восіпава і прапанаваў правесьці разам імпрэзу па ўшанаваньні памяці ахвяраў, але ў адказ пачуў пагрозы. Чыноўнік зьвярнуўся ў раённую пракуратуру, якая распачала адміністрацыйную справу за самаўпраўства супраць К.Смолікава.
9 студзеня ў Віцебску быў затрыманы актывіст “Маладой Беларусі” Тарас Сурган. Невядомыя людзі ў цывільным гвалтоўна запіхнулі яго ў машыну, калі той выйшаў з кватэры, каб выкінуць сьмецьце. Сябры і сваякі Т.Сургана зьвязваюць гэты інцэдэнт са справай ягонага паплечніка Сяргея Каваленкі, які вывесіў на вершаліне галоўнай елкі Віцебска бел-чырвона-белы сцяг. У Чыгуначным РАУСе Т.Сургана абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і ўзбудзілі адміністрацыйную справу паводле артыкула 17.1 – “дробнае хуліганства”.
- Парушэньне прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі
Міністэрства інфармацыі зноў адмовіла недзяржаўнай газеце «Магілёўскі час» у рэгістрацыі. Гэтым разам чыноўнікі выявілі, што памяшканьне, у якім знаходзіцца юрыдычны адрас выданьня, не адпавядае патрабаваньням заканадаўства. Першы раз газету адмовіліся рэгістраваць, бо ў яе галоўнага рэдактара не было вышэйшай адукацыі. Другі раз — дзеля адсутнасьці у рэгістрацыйным пакеце копіі дамовы заснавальніка з юрыдычнай асобай, на якую ўскладаліся функцыі рэдакцыі газеты. Газета «Магілёўскі час» выходзіла як незарэгістраванае грамадзка-палітычнае выданьне з 2007 года накладам 299 асобнікаў. Спробы зарэгістраваць газету ідуць ад 10 верасьня 2009 года.
Міністэрства юстыцыі выставіла адразу некалькі прэтэнзіяў да Беларускай асацыяцыі журналістаў – датычна сяброўскага пасведчаньня, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ. Загад падпісаў 13 студзеня намесьнік міністра Аляксандр Сіманаў. Кіраўніцтва БАЖ заявіла, што абавязкова будзе абскарджваць папярэджаньне, якое лічаць неабгрунтаваным.
19 студзеня журналісту недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Борисовские новости» Анатолю Мазгову, які зьбіраў інфармацыю для традыцыйнай рубрыкі «Барысаў: лічбы і факты» на працягу аднаго дня адмовіліся прадаставіць інфармацыю ў трох дзяржаўных установах. Адная з іх -- загадчыца раённага ЗАГСа Тамара Красоўская, не прадаставіла інфармацыі пра колькасьць шлюбаў і разводаў за тыдзень, матывуючы тым, што гэтыя зьвесткі яна ўжо дала дзяржаўнай мясцовай газеце і рэгіянальнаму тэлеканалу, і прапанавала пашукаць іх на сайце райвыканкаму. 21 студзеня галоўны рэдактар «Борисовских новостей» А. Букас накіраваў скаргу ў мясцовую пракуратуру, у якой просіць правесьці праверку і папярэдзіць вінаватых аб адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб СМІ.
- Сьмяротнае пакараньне
Актывісты “кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі” атрымалі з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі адказ на свой зварот, разам з якім была перададзена петыцыя з заклікам адмяніць гэты від пакараньня. Як паведаміў у адказе старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі: “Беларусь непасрэдна падышла да таго, каб пачаць падрабязна, празрыста і шырока абмяркоўваць у грамадзтве пытаньне аб адмене пакараньня сьмерцю. А для гэтага, нам дэпутатам неабходны дыялог з народам. Ён можа праходзіць у розных формах. Але мы найперш вывучым магчымасьць правядзеньня праламенцкіх слуханьняў па гэтай тэме. Думаю, яны дазволяць аб’ектыўна ацаніць сітуацыю і гатоўнасьць грамадства па-новаму зірнуць на гэту праблему”. У той жа час у сваім адказе В. Гумінскі ізноў спасылаецца на рэферэндум 1996 года і лічыць, што дэпутаты ня маюць права ігнараваць ягоныя вынікі.
- Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў
14 студзеня заснавальнікі Асацыяцыі грамадзкіх арганізацыяў “Асамблеі НДА” у трэці раз падалі ў Мінюст дакументы на рэгістрацыю. Так, яшчэ ў 2002 годзе рэгістравальны орган атрымаў пакет дакументаў ад аб’яднаньня, аднак для вынясеньня адмоўнага рашэньня ў справе нерэгістрацыі Асамблеі Мінюсту спатрэбілася паўтары гады. У 2009 годзе Міністэрства юстыцыі адмовіла Асамблеі НДА больш апэратыўна. У прыватнасьці, чыноўнікі адзначылі, што мэты арганізацыяў-заснавальніцаў не супадаюць са статутнымі мэтамі Асамблеі. Другая прычына адмовы – устаноўчая дамова аб стварэньні асацыяцыі зьяўляецца несапраўднай, паколькі кіраўнікі арганізацыяў-заснавальнікаў Асамблеі падпісалі яе нібыта бяз згоды кіруючых органаў сваіх аб’яднаньняў. Трэцяя – “назва АКГА “Асамблея НДА” не адпавядае патрабаваньням заканадаўства, паколькі ня ўтрымлівае ўказаньня на прадмет дзейнасьці яе сяброў”.
У канцы студзеня Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Беларускага профсаюза "Разам". Падставай Мінюст указаў наяўнасьць шэрагу парушэньняў ў сьпісах заснавальнікаў аб’яднаньня, выяўленых нібыта падчас праверкі . Старшыня прафсаюзу Ірына Яскевіч заявіла БелаПАН, што дадзеныя сьцьвярджэньні міністэрства "не адпавядаюць рэчаіснасьці". І. Яскевіч заявіла аб намеры працягнуць спробы рэгістрацыі.
6. Дыскрымінацыя і перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў
21 студзеня ў судзе г. Жодзіна адбылася папярэдняя сустрэча бакоў, задзейнічаных у канфлікце: праваабаронцаў Лапіцкіх, якія працягваюць змаганьне за права навучаць свайго сына на беларускай мове, і прадстаўнікоў мясцовай улады. Дата пачатку слуханьняў прызначаная на 8 лютага. Сёлета Жодзінскі гарвыканкам прыняў чарговае (другое за апошнія 4 гады) рашэньне аб спыненьні навучаньня Янкі Лапіцкага ў Жодзінскай гімназіі № 1 і прымусовым пераводзе яго на расейскамоўнае навучаньне, абгрунтаваўшы гэта неабходнасьцю “рацыянальнага выкарыстаньня бюджэтных сродкаў”.
26 студзеня суд Ленінскага раёна Берасьця адмовіў актывісту “Маладога Фронту” Яўгену Скрабцу ў разглядзе скаргі на незаконныя дзеяньні прызыўной камісіі падчас восеньскага прызыву на тэрміновую службу ў войска. Судзьдзя Карпава А.Ю. матывавала адмову тым, што ў належны тэрмін суд не атрымаў запатрабаваных папераў. Гэта ня першая спроба суду ўхіліцца ад разгляду скаргі палітпрызыўніка Я.Скрабца: напрыканцы кастрычніка 2009 году тая ж судзьдзя адмовіла Я.Скрабцу ў разглядзе скаргі на падставе таго, што скарга павінна быць разгледжаная ў міжгарнізонным вайсковым судзе. Пазьней гэтае рашэньне было адменена.
7. Парушэньні права на свабоду сумленьня
12 студзеня Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы нава\кольнага асяроддзя аштрафаваў царкву “Новае жыцьцё” на 262 млн. 798 тыс. 725 рублёў (91 900 USD). У сьнежні 2009 году на пад'ездах да аўтамабільнай стаянкі каля царквы супрацоўнікі камітэту бралі пробы грунту на ўтрыманьне нафтапрадуктаў. Паводле словаў юрыста царквы Сяргея Луканіна, гэты вялізны штраф накладзены як быццам бы за “забруджваньне навакольнага асяроддзя” згодна з артыкулам 15.11 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Чыноўнікі папярэдзілі абшчыну, што ў выпадку нявыплаты штрафу пададуць у Гаспадарчы суд Менску пазоў аб прымусовым спагнаньні гэтай сумы.
Ад 20 сьнежня 2009 году ў Жодзінскім СІЗА утрымліваецца 21-гадовы вернік габрэйска-месіянскай супольнасьці Іван Міхайлаў, якога абвінавачваюць па арт.435 Крымінальнага Кодэксу РБ (“ухіленьне ад прызыву ў войска). Сам І.Міхайлаў ухілістам сябе ня лічыць, бо быў гатовы прайсці альтэрнатыўную ці рэзервовую службу, аднак прызыўная камісія адмовіла яму ў такой магчымасьці. Крымінальная справа была перададзеная ў суд Мінскага раёну 31 снежня 2009 г., а першае паседжаньне адбылося 29 студзеня 2010 году. У судзе высьветлілася, што І. Міхайлаў старэйшы ў шматдзетнай сям’і і дапамагае бацькам, бо сям’я знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Бацькі на гэты момант з сямі дзяцей выхоўваюць пяцёра. Сярод іх ёсьць як школьнікі, так і тыя, хто вучыцца ў ВНУ на платнай аснове. Сьведкі, якіх запрасілі з месца працы, а таксама з ваенкамату, вельмі станоўча характарызавалі І.Міхайлава. За «ухіленне ад прызыву» Івану Міхайлаву пагражае паўгады турмы. Між тым права грамадзянаў на альтэрнатыўную службу, закон аб якой у Беларусі адсутнічае, вынікае з арт. 57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
8. Па рушэньне права на свободу мірных сходаў
22 студзеня суд Ленінскага раёна горада Брэста пакінуў без задавальненьня скаргу Сяргея Вакуленкі на рашэньне гарвыканкаму не дазволіць яму пікет, прымеркаваны да Дня правоў чалавека 10 сьнежня каля кінатэатра “Беларусь”. Суд пагадзіўіўся з матывацыяй адмовы, што дзеля правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Брэсце вызначанае адзінае месца – стадыён “Лакаматыў” у пустынным сектары прыватнай аднапавярховай забудовы.
Магілёўскія ўлады не дазволілі грамадзкім актывістам і гісторыкам правесьці ў гарадзкой ратушы круглы стол, прысьвечаны 433-й гадавіне гадавіне наданьня Магілёву Магдэбурскага права. 25 студзеня з пісьмовай посьбай выдзеліць залу паседжаньняў у ратушы звярнуліся арганізатары мерапрыемства – прадстаўнікі няўрадавай арганізацыі “Сацыяльна-культурная ўстанова “Стратэгія разьвіцьця і міру”. Між тым, за “круглым сталом”, які меўся адбыцца, гісторыкі і грамадзкія актывісты зьбіраліся падыскутаваць на тэму гарадзкога самакіраваньня.
9. Парушэньні выбарчых правоў грамадзянаў
28 студзеня палітолаг Юрый Чавусаў падаў у Мінскі гарадзкі суд скаргу на рашэньне прэзідыуму Мінскага гарадзкога Савету дэпутатаў і Мінскага гарадзкога выканаўчага камітэту аб адхіленьні яго кандыдатуры на ўваход у склад Мінскай гарадзкой выбарчай камісіі ад грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Сам Ю. Чавусаў лічыць, што яго кандыдатуру адхілілі па палітычных прычынах, бо ў афармленьні ўсіх дакументаў ніякіх хібаў не было.
29 студзеня ў суд Барысаўскага раёна была пададзена скарга на рашэньне прэзідыуму Барысаўскага раённага Савету дэпутатаў, Барысаўскага раённага выканаўчага камітэту па фармаваньні раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Падаўцы скаргі просяць абавязаць прэзідыум Барысаўскага раённага Савету дэпутатаў, Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэньне пра фармаваньне раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі з уключэннем у яе Марыны Статкевіч, як прадстаўніка грамадзянаў, якія валодаюць выбарчым правам і што пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Праваабаронца М.Статкевіч не была ўключана ў выбарчую камісію без ніякіх сур’ёзных тлумачэньняў.