Бабруйск: Старшыня выбарчай камісіі -- нязменны
Старшынёй гарадской выбарчай камісіі стаў Уладзімір Вяткін, - які з’яўляецца і старшынёй гарадской арганізацыі “Белая Русь”. Адметна, што на мінулых мясцовых выбарах ён таксама быў абраны старшынёй выбарчай камісіі. Толькі тады адзначаны гарвыканкамам “за шматгадовую актыўную грамадска-палітычную дзейнасць” Уладзімір Вяткін быў пенсіянерам і вылучаўся шляхам збору подпісаў.
Даволі цікавы спіс сябраў камісіі, якія, як паведамляецца ў афіцыйных крыніцах, былі вылучаныя грамадзянамі шляхам збоу подпісаў. Усе яны займаюць высокія пасады ў гарадскіх установах і на прадпрыемствах. Для прыкладу – Жанэтта Ахрановіч працуе намеснікам галоўнага ўрача цэнтральнай бальніцы, Сяргей Біткін – начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама (у мінулым займаў пасаду загадчыка аддзела ідэалогіі гарвыканкама), Ігар Булацкі – начальнік аддзела прававой і пратакольнай работы, Аляксандр Мельнік – прафсаюзны лідэр філіяла “АСБ “Беларусбанк”. Астатнія сябры камісіі прадстаўнікі БРСМ, КПБ, БСЖ, а таксама высунутыя прафсаюзамі дырэктар краязнаўчага музея Наталля Арцёмчык, старшыня гаркама прафсаюза працаўнікоў адукацыі і навукі Ганна Гудзінская, начальнік вузла паштовай сувязі Ніна Шэлех ды іншыя супрацоўнікі дзяржустановаў.
Дарэчы, пасады ўсіх гэтых людзей у спісе, падазеным гарывканкамаўскай газетай “Бабруйскае жыццё” названыя не былі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”