Магілёў. Грамадскага актывіста Мікалая Расюка звальняюць з працы
Грамадскага актывіста Мікалая Расюка звальняюць з працы. Учора Мікалай атрымаў уведамленне аб тым, што роўна праз месяц з ім разрываюць працоўны кантракт.
“Ва ўведамленні, - гаворыць спадар Расюк, - гаворыцца, што наймальнік больш не жадае працягваць са мной працоўныя ўзаемаадносіны”.
У якасці наймальніка выступае ААТ “Лаўсанбуд” Будаўнічае ўпраўленне №129, дзе грамадскі актывіст працаваў па кантракту электраманцёрам. Кантракт з Мікалаем Расюком быў заключаны на адзін год.
Мікалай абураны і пакуль не ведае што прадпрымаць, спасылаецца на тое, што ў яго яшчэ ёсць месяц на тое, каб падумаць, што рабіць. Тым не менш, ён не збіраецца панікаваць і адмаўляцца ад жадання балатавацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
“Я збіраюся балатавацца ў гарсавет і аблсавет, - адзначае актывіст, - на тых акругах дзе балатаваўся раней і ўжо вядомы насельніцтву. Я пакуль не звязваю сябе з нейкай палітычнай сілай, але чакаю прапановаў, а пакуль іх няма буду высоўвацца самастойна шляхам збору подпісаў”.
Нагадаем, што Мікалай Расюк у 2007 годзе ўжо балатаваўся ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Тады, нават па афіцыйных звестках ён набраў 32% галасоў выбаршчыкаў, што было адным з самых высокіх афіцыйных вынікаў прадстаўніка ад апазіцыі ў Беларусі. Пазней, у 2008 г Мікалай балатаваўся ў Палату Прадстаўнікоў НС РБ, дзе ягоным апанентам выступіў кандыдат ад улады Яўген Мельнікаў. У тым годзе па афіцыйных звестках актывіст набраў каля 20%.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”